Ганне 26 гадоў. Яна працуе па размеркаванні ў адной з музычных школ Мінска: выкладае класічную гітару. Піша вершы, часам удзельнічала ў розных музычна-паэтычных імпрэзах.

«Проста ў абед знікла сувязь з Ганнай, — расказвае Наталля, маці дзяўчыны. — Я пачала яе паўсюль шукаць. Пазваніла ёй на працу — няма. Пазваніла ў міліцыю, кажу, знікла дачка. 

А пасля мне патэлефанаваў следчы. Кажа: ваша дачка ў нас. Артыкул 370».

Артыкул 370 Крымінальнага кодэкса — гэта «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Пакараць могуць грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да аднаго года.

Прычынай затрымання настаўніцы стаў яе пост у твітары. У ім Ганна перарабіла пару радкоў з дзяржаўнага гімна. Пост даволі шырока разышоўся, сябры нават жартавалі пра магчымае затрыманне і наступствы. Аказалася, сёння такія жарты — зусім не жарты.

Тым часам мінская міліцыя ўжо апублікавала відэа, дзе хтосьці размаўляе з Ганнай пра яе ўчынак. 

«Настаўніца музыкі ўжыла свае навыкі не ў тым кірунку. Дзяўчына размясціла ў інтэрнэце пост, у якім здзейсніла здзек з тэксту Дзяржаўнага гімна, змяніўшы словы.

Супрацоўнікі Партызанскага РУУС г. Мінска затрымалі 26-гадовую мінчанку. Доступ да запісу аказаўся свабодным, таму публікацыю маглі глядзець і распаўсюджваць карыстальнікі інтэрнэту», — паведамляе мінская міліцыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0