У новай пастанове Саўміна ёсць дадатковая глава №17, дзе пазначана, што кожны месяц трэба аплачваць паслугі па кіраванні агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання. Пад агульнай маёмасцю маецца на ўвазе ўсё, што за межамі кватэры ў шматпавярховіку. Ад пад'езда і падвала да дваровай тэрыторыі. Ёсць змены і ў частцы аплаты электрычнасці.

Жыхароў абавяжуць аплачваць электрычнасць, якой асвятляюцца дапаможныя памяшканні і якая затрачваецца на працу абсталявання.

Як распавялі агенцтву «Мінск-Навіны» ў Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы, грошы з адлічэнняў на капрамонт, аплаты «камуналкі» ідуць пераважна на самі працы, але ёсць іншыя «арганізацыйныя мерапрыемствы», а яшчэ беларусы не плацяць за ўтрыманне прыдамавых тэрыторый.

«Гэта вялікі пласт працы не толькі па ўборцы, але таксама па азеляненні, ямачным рамонце праездаў, уладкаванні кантэйнерных пляцовак і асобных кантэйнераў для паасобнага збору адходаў. Сюды ж можна дадаць вясновыя і восеньскія агляды жылых дамоў і многае іншае, што схавана ад вачэй жыхароў, але патрабуе часу, намаганняў, рэсурсаў для забеспячэння належнай эксплуатацыі жылфонду», — распавялі ў МГЖГ.

Сума будзе рознай, яна залежыць ад плошчы кватэры. Тарыф — 0,0165 рубля за 1 кв.м.

Пастанова ўступіла ў сілу 1 мая 2021 года. Чакаецца, што новы радок у «жыроўках» з'явіцца ў другім паўгоддзі. Праўда, як кажуць чыноўнікі, з улікам з'яўлення гэтай паслугі павінен зменшыцца кошт іншых — платы за тэхабслугоўванне дома, ліфта, вываз смецця, прыборка пад'ездаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0