Высновы:

  • На працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны пераслед грамадзян па палітычных матывах. Па даных Генеральнай пракуратуры, за перыяд са жніўня 2020 г. было распачата больш за тры тысячы крымінальных справаў за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў і акцый пратэсту;
  • Згодна са звесткамі ПЦ «Вясна», на працягу месяца суды вынеслі прысуды ў дачыненні да прынамсі 98 чалавек па палітычна матываваных крымінальных справах. Маніторынг засведчыў шматлікія парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва і працэсуальных правоў і гарантый абвінавачаных;
  • У месцах несвабоды знаходзяцца 360 палітвязняў, іх колькасць працягвае павялічвацца;
  • Працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзян за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жыллі і тэрыторыях. Усяго за красавік ПЦ «Вясна» мае інфармацыю аб затрыманні 304 чалавек (з іх у Мінску — 253) і аб вынясенні больш за 210 судовых пастановаў: у 131 выпадку накладзены адміністрацыйны арышт, у 68 — штраф;
  • 17 красавіка ў Маскве супрацоўнікамі ФСБ Расіі ва ўзаемадзеянні з КДБ Беларусі былі затрыманыя грамадзянін Беларусі і ЗША Юрась Зянковіч і палітычны дзеяч Аляксандр Фядута. Пазней дзяржаўныя СМІ Беларусі паведамілі пра затрыманне ў Мінску старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і Вольгі Галубовіч. У дачыненні да затрыманых распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 357 КК (Змова і іншыя дзеянні з мэтай захопу ўлады). Дадзеныя працэсы суправаджаюцца актыўнай і агрэсіўнай прапагандысцкай рыторыкай афіцыйнага Мінска і Масквы аб нібыта датычнасці спецслужбаў ЗША да падрыхтоўкі дзяржаўнага перавароту ў Беларусі і замаху на А. Лукашэнку і членаў яго сям'і;
  • Працягваўся ціск на праваабаронцаў. На працягу месяца праходзілі ператрусы і затрыманні прадстаўнікоў шэрагу праваабарончых арганізацый, а таксама актыўныя следчыя дзеянні ў дачыненні да сябраў ПЦ «Вясна»;
  • Выклікаюць занепакоенасць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, затрыманых і падвергнутых адміністрацыйнаму арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП і ІЧУ бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ «Вясна» як катаванні;
  • Асаблівую занепакоенасць выклікаюць прынятыя парламентам змены ў шэраг законаў і Крымінальны кодэкс, накіраваныя на ўзмацненне крымінальнай адказнасці за ўдзел у пратэсных сходах і публічную крытыку дзейнага палітычнага рэжыму, а таксама датычных працы СМІ;
  • На працягу месяца сітуацыя з правамі чалавека ў краіне працягвала пагаршацца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0