3 мая суд Першамайскага раёна Мінска вынес прысуд 18-гадоваму Мацвею Будніцкаму. Яго прызналі вінаватым паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — «хімію». Менавіта такое пакаранне прасіў пракурор. Пазоў на карысць «Мінсктранса» (каля 18 тысяч рублёў) выдзелены ў асобную грамадзянскую вытворчасць, паведамляюць праваабаронцы.

Мацвей — студэнт трэцяга курса Мінскага каледжа прадпрымальніцтва, працуе экспедытарам. Падчас папярэдняга следства не знаходзіўся пад вартай.

Справу разгледзела суддзя Анастасія Кулік, пракурор — Зубко. Адвакат — Захар Ладуцька.

Мацвея Будніцкага прызналі вінаватым у тым, што чацвёртага кастрычніка на праспектах Машэрава і Пераможцаў, а таксама вуліцах Прытыцкага, Любімава, Сурганава, Кальварыйскай і Прылуцкай ён «узяў актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве», «дзейнічаў сумесна і ўзгоднена ў групавых дзеяннях, з выкарыстаннем рупара» — паводле абвінавачвання, гэта пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў. На Сурганава абвінавачаны таксама выйшаў на праезную частку: гэтыя дзеянні прыпынілі працу грамадскага транспарту. Пракурор упэўнены, што вінаватасць пацвярджаецца паказаннямі абвінавачанага і сведкі, а таксама пісьмовымі матэрыяламі справы.

«Я ўсведамляю, што аступіўся і прызнаю віну, — сказаў Мацвей у апошнім слове. — Я пачаў цаніць кожнае імгненне і ўдзячны за падтрымку бацькам і братам. Прашу не пазбаўляць мяне магчымасці заставацца карысным грамадству, я ўдзельнічаю ў валанцёрскіх праектах і хачу далей працягнуць гэта рабіць. Прашу даць мне магчымасць скончыць навучанне: не абмяжоўваць мне свабоду і прызначыць штраф».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0