Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на фота ў чорных акулярах. Фота Надзеі Бужан

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на фота ў чорных акулярах. Фота Надзеі Бужан

Будслаў наведалі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Казімір Велікаселец, біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі.

«Раніцай даведаўся і быў у шоку, — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у размове з Catholic.by. —

Мы адразу з біскупамі вырушылі ў Будслаў. Пад’язджаем да месца, з якога адкрываецца від на касцёл, і бачым, што даху ўжо няма, а над святыняй падымаецца дым».

«У касцёле ўнутры стаіць возера. Я быў там. Дымка, вада… Пажарныя робяць сваю справу…» — падзяліўся ўбачаным іерарх.

Па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, «гэта вельмі вялікая трагедыя» як для Касцёла ў Беларусі, так і для краіны, бо нацыянальны санктуарый у Будславе з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а будслаўскі фэст унесены UNESCO ў Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

«Бог прамаўляе да нас праз розныя падзеі, праз свае знакі. Сёння наша краіна знаходзіцца ў вельмі вялікім крызісе. І гэта не толькі грамадска-палітычны, але і маральны крызіс. Гэтае сумнае здарэнне — заклік Бога да таго, каб мы асэнсавалі сваё жыццё з пункту гледжання маральнага закону, духу Евангелля, і стараліся ўпарадкаваць сваё жыццё праз малітву, пакаянне, прабачэнне і імкненне да міру ў нашым грамадстве», — сцвердзіў іерарх.

«Калі згарэў Нотр-Дам у Парыжы, Францыя стала на калені. Перад абліччам будслаўскай трагедыі станем і мы на калені, перапросім Бога за нашы асабістыя грахі і грахі нашага народа, паяднаемся адно з адным. Мы розныя, але мы — адзін беларускі народ», — працягваў арцыбіскуп.

Іерарх таксама падкрэсліў, што адбудова санктуарыя і яго рэстаўрацыя павінны стаць супольнай справай: «Сёння нам усім трэба ўзяць адказнасць на сябе за адбудову святыні. Маці Божая Будслаўская заслугоўвае мець годнае месца, дзе беларускі народ і надалей будзе ўшаноўваць Яе.

Наша Апякунка, узглянь міласціва на свой народ, як Ты гэта рабіла ў часы шматлікіх выпрабаванняў на працягу апошніх 400 гадоў і асабліва ў час атэістычных ганенняў. Дапамагай нам і сёння, у час новага выпрабавання», — памаліўся іерарх, са слязьмі на вачах гледзячы на апаленую будслаўскую базыліку.

Як пералічыць грошы на аднаўленне касцёла ў Будславе праз АРІП

Аднаўляць будзем усёй Беларуссю». Рэпартаж з Будслава, дзе ратавалі ад пажару каталіцкую святыню

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0