Чытайце: У Баранавічах разбіўся вайсковы самалёт. Загінулі два пілоты

Андрэй Нічыпорчык родам з Ліды. Жанаты, бацька траіх дзяцей.

Ён з сям’і лётчыка, з дзяцінства ведаў, што будзе лятаць. Яго бацька служыў у Паставах, у Прыбалтыцы. Усе цяжкасці жыцця лётчыка Андрэй бачыў на свае вочы, але гэта яго не напалохала.

«Лётчык першага класа, добры спецыяліст. З ім лёгка працаваць, яго бацька павінен ганарыцца сынам», — характарызаваў Андрэя Нічыпорчыка камандзір у сюжэце для Лідскага тэлебачання.

Мікіта Куканенка родам з Полацка, яму было 22 гады. Вучыўся ў полацкай кадэцкай вучэльні, у 2020 годзе скончыў Вайсковую акадэмію. Ажаніўся, дзяцей не было.

У сеціве можна знайсці відэаролік Мінабароны, прысвечаны Мікіту. Там расказваецца, што будучы пілот усё дзяцінства праводзіў у дзеда ў гарадскім пасёлку Баравуха, дзе размяшчаецца верталётная база, так і захацеў стаць лётчыкам. Але выбраў самалёты.

«Мне падабаецца хуткасць, адчуванне палёту, свабоды», — казаў Мікіта.

У планах Мікіты на 2021 было стаць лётчыкам 3-га класа.

Для абодвух пілотаў гэта быў не першы палёт на Як-130. Напрыклад, маёр Нічыпорчык удзельнічаў у парадзе на Дзень Незалежнасці на такім самалёце, выступаў на міжнародных спаборніцтвах па авіядартсу (спаборніцтвы ва ўменні пераадольваць сістэму СПА ўмоўнага праціўніка, паражаць наземныя аб’екты з дапамогай некіраваных ракет, авіяцыйных гармат і кіраваных супрацьтанкавых ракет).

Мікіта Куканенка таксама адмыслова вучыўся лятаць на Як-130. Курс, на якім вучыўся Мікіта, быў эксперыментальным, менавіта таму, што на ім засвойвалі Як-130. 

Свой вучэбна-баявы ЯК-130 хлопец называў лятаючым камп’ютарам.

«Як толькі першы палёт быў, мяне вельмі ўразіла, я думаў: як я буду гэтым кіраваць? Тры тоны баявой загрузкі, шматфункцыянальныя індыкатары. Вельмі манеўраны самалёт, шмат можа дазволіць у паветры», — прызнаваўся хлопец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0