Мінула траціна айчыннага футбольнага першынства, якая падаравала нам не вельмі шмат сюрпрызаў. Чаканае дамініраванне «Шахцёра» вылілася ў 10 перамог запар і сем балаў запасу перад канкурэнтамі. 

Да ўсяго іншага, салігорцы выйгралі і ў «Руха», БАТЭ і мінскага «Дынама», якіх перад сезонам разглядалі таксама сярод фаварытаў. Матчы з барысаўцамі і мінчукамі скончыліся не надта відовішчнымі мінімальнымі перамогамі, але згуляў фактар Дарбо — гамбійскі форвард вядзе каманду да другога чэмпіёнства запар. 

Фота: ФК «Шахцёр»

Фота: ФК «Шахцёр»

23 мая ў Гомелі БАТЭ стаў пяцікратным уладальнікам Кубка Беларусі. «Іслач» змагла даць бой тытулаванаму суперніку, а Дзмітрый Камароўскі адзначыўся шыкоўным голам са штрафнога. Але гэтага не хапіла для перамогі, вырашальным стаў гол абаронцы Паўла Рыбака, які, дарэчы, мінулы сезон правёў якраз у «Іслачы». 

Калі казаць пра матчы чэмпіянату, якія папярэднічалі фіналу, то адзначым першую паразу ў сезоне брэсцкага «Дынама», якое аступілася ў гульні з «Мінскам», а таксама першую за дзевяць тураў перамогу «Энергетыка-БДУ», які змог крыху палепшыць сваё турнірнае становішча.

Вось усе вынікі тура:

  • «Іслач» — «Віцебск» 0:1 (55, Вандэрсан)
  • БАТЭ — «Спадарожнік» 2:1 (31 (п), Умараў; 37, Я. Філіпавіч — 7, Ясінскі)
  • «Шахцёр» — «Дынама-Мінск» 1:0 (81, Дарбо)
  • «Славія» — «Гомель» 2:4 (6, Нарх; 30, Тэтэх — 12, Сайчыч; 15, Гомза; 62, Юдзянкоў; 89, Някрасаў)
  • «Смаргонь» — «Тарпеда-БелАЗ» 1:3 (25 (п), Яцкевіч — 57, Хачатуран; 68, Нікалаевіч; 71, Кляньё)
  • «Мінск» — «Дынама-Брэст» 1:0 (56, Лопес)
  • «Рух» — «Нёман» 2:0 (80 (п), Савіцкі; 90+5, Пятрэнка)
  • «Энергетык-БДУ» — «Слуцк» 1:0 (75, Зульфікараў)

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

Якія матчы чакаюць заўзятараў у апошнія дні вясны?

«Віцебск» — «Смаргонь»

У мінулым туры «Смаргонь» білася з жодзінскім «Тарпеда» і нават змагла забіць першай. Але больш дасведчаная каманда Юрыя Пунтуса пераламіла ход гульні і ў выніку перамагла. Трэнер смаргонцаў Вячаслаў Герашчанка назваў паразу крыўднай і абвінаваціў некаторых гульцоў у недастатковай стараннасці.

Варта прызнаць, што дома «Смаргонь» гуляе куды лепш і, магчыма, яшчэ зможа пакінуць кагосьці з фаварытаў без перамогі. А ў пятніцу каманду чакае выезд у Віцебск, дзе мясцовая каманда выйграла дзве гульні запар і не супраць працягнуць прыемную серыю.

«Дынама-Мінск» — «Рух»

У Салігорску «Дынама» без Бацулы і Пуцілы, якія прыхварэлі, не вытрымала пад прэсам «гарнякоў». Мінчукі маглі скараціць адставанне ад «Шахцёра» да 4 балаў, а ў выніку цяпер адстаюць ажно на 10. 

«Рух» у канцоўцы даціснуў «Нёман» і зноў стаў вышэй у табліцы за другі брэсцкі клуб. Ёсць шанец абагнаць і другое «Дынама», для гэтага трэба перамагаць у Мінску. Год таму ў «Руха», які цяпер, па праўдзе, зусім іншы, гэта атрымалася.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Шахцёр»

Надышла чарга жодзінскага «Тарпеда» паспрабаваць хаця б нешта зрабіць з «Шахцёрам». Пакуль салігорцы дазвалялі сабе выйграваць толькі ў кубкавых матчах, а ў чэмпіянаце працягваюць гуляць бездакорна.

Таго ж нельга сказаць пакуль пра «Тарпеда»: каманда за дзесяць тураў не здабыла стабільнасці. Але з іншага боку ад жодзінцаў можна чакаць чаго заўгодна, будзем чакаць сенсацый.

БАТЭ — «Славія»

Сезон, які абяцаў быць вельмі складаным для БАТЭ, прынёс «жоўта-сінім» першы трафей. Змагацца за другі пакуль не дазваляе «Шахцёр», які не хібіць.

Кубак 2020/21 стаў і першым тытулам персанальна для Віталя Жукоўскага. Яго трэнер прысвяціў свайму бацьку, якога не стала 18 мая.

«Славія» ў мінулы ўікэнд на пару з «Гомелем» выдала самы відовішчны матч тура з шасцю галамі, але не змагла парадаваць заўзятараў перамогай. 

«Нёман» — «Спадарожнік»

Пасля матчу супраць БАТЭ ў «Спадарожніку» здарылася ўспышка каранавіруса. На каранцін адправіліся гульцы, трэнерскі штаб і адміністрацыйныя работнікі. 

Матч, які павінен адбыцца ў суботу, пад вялікім пытаннем. 

«Гомель» — «Мінск»

«Гомель» стаў адным з нешматлікіх сюрпрызаў сёлетняга чэмпіянату. Каманда Івана Біёнчыка па выніках траціны першынства займае чацвёрты радок і дэманструе даволі прывабны футбол.

Фота: ФК «Гомель»

Фота: ФК «Гомель»

«Мінск» жа перарваў сваю серыю без перамог, якая цягнулася чатыры туры, і серыю без параз брэсцкага «Дынама», якая цягнулася яшчэ даўжэй. Ці хопіць сілаў у каманды Шчэрбачэнкі на яшчэ адну перамогу над камандай з верхняй часткі табліцы?

«Слуцк» — «Іслач»

«Іслач» пасля кубкавай казкі вяртаецца да чэмпіянатнай рэальнасці, дзе ў каманды Радзькова — тры гульні без перамог і выезд у «Слуцк». У чарговы раз нагадваем, што случчакі ў гэтым сезоне — выключна хатняя каманда.

Але гісторыя матчаў паміж «Слуцкам» і «Іслаччу» цікавая тым, што куды часцей перамагаюць госці. «Ваўкі» выйгралі тры з пяці, а случчакі — чатыры з пяці матчаў на полі суперніка. Такі цікавы расклад.

«Дынама-Брэст» — «Энергетык-БДУ»

Берасцейцы крыўдна саступілі «Мінску». Статыстычна падначаленыя Кавальчука былі лепш: і па валоданні мячом, і па ўдарах, і па небяспечных момантах, але прайгралі. Цяпер важна ў гульні з іншай мінскай камандай, каб моманты ператвараліся ў галы.

Нягледзячы на паразу, ёсць і добрыя навіны для заўзятараў «Дынама». Дзякуючы перамозе БАТЭ ў Кубку, берасцейцы атрымалі магчымасць выступіць у еўракубках. Яны згуляюць у новым турніры — Лізе Канферэнцый і будуць стартаваць з другога раўнда кваліфікацыі. 

Букмекерская кантора Марафон прапануе новым кліентам БОНУС 10 руб «Бяспройгрышная першая стаўка» па промакоду 10BYN пры рэгicтрацыi на сайце marathonbet.by.

Гэта выдатная магчымасць зрабіць прагляд матча любiмай каманды яшчэ больш захапляльным! Усе дэталі бонуснай прапановы чытайце тут.

Марафонбет з'яўляецца найбуйнейшым букмекерам у Беларусі па колькасці кас (Ліцэнзія № 33120/171, выдадзеная МПЗ РБ) і прадстаўлены ў 21 горадзе краіны.

Спіс адрасоў кас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?