Пасля прымусовай пасадкі ў Мінску пасажырскага самалёта Ryanair адміністрацыя ЗША абвясціла аб аднаўленні з 3 чэрвеня санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх дзяржкампаній. Акрамя таго, па ўзгадненні з ЕС і іншымі партнёрамі будуць падрыхтаваныя адрасныя санкцыі супраць «ключавых фігур рэжыму» беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, заявіла ўвечары ў пятніцу, 28 мая, прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі.

Паводле яе слоў, будзе таксама падрыхтаваны прававы дакумент з тым, каб прэзідэнт ЗША атрымаў больш магчымасцяў для ўвядзення штрафных мер.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША выпусціў перасцярогу для паездак у Беларусь, а Федэральнае ўпраўленне цывільнай авіяцыі ЗША (FAA) папярэдзіла авіякампаніі аб неабходнасці праяўляць «крайнюю асцярожнасць» пры палётах над Беларуссю. ЗША заклікаюць Лукашэнку дазволіць правядзенне годнага даверу міжнароднага расследавання інцыдэнту з самалётам Ryanair. Разам з тым Псакі настойвае на вызваленні ўсіх палітвязняў і пачатку сур'ёзнага дыялогу з апазіцыяй, у выніку якога пад міжнародным наглядам павінны быць праведзеныя сумленныя і свабодныя прэзідэнцкія выбары.

Белы дом не назваў падрабязнасцяў санкцый супраць дзевяці дзяржкампаній, незразумела ў тым ліку, якія менавіта прадпрыемствы патрапяць пад штрафныя меры, першапачаткова ўведзеныя супраць рэжыму ў Мінску ў 2006 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0