Лекар дрэваў
залатую сасну не паставіш у мох на калені,
яна пойдзе за сонцам на дыбачках, дзе б ні расла.
калі б вы былі дрэвамі, вам бы хапіла сумлення,
калі б вы былі дрэвамі, вы б не змаглі без святла.
вы б не выраслі ў хлусаў ганебных, звыродлівых катаў,
што бягуць баязліва на кожны бязглузды загад…
калі б вы былі дрэвамі, вы б не забіліся ў статак,
вы б маглі звацца годна —
як пушча, дуброва ці сад…
дрэва дбае аб дрэўным сваім, не цураецца лекаў,
разумее, як важна гаіць і лісцё, і душу.
чалавек адзін здольны згнаіць у сабе чалавека
і працягваць няісным галлём выдаваць нейкі шум.
каб вы толькі адчулі, як цёпла ў нябёснай спарудзе,
калі грак грачанятак гадуе ў цябе на плячы!..
але вы невылечныя, не,
вам, бязгнёздыя людзі,
я не здольны дапамагчы.





