Іспанскі ўрад памілаваў дзевяцярых каталонскіх лідараў, асуджаных у сувязі з арганізацыяй рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі, паведамляе Reuters.
«Гэтым актам мы хочам адкрыць новую фазу дыялогу, прымірэння і раз і назаўжды пакласці канец усім рознагалоссям і канфрантацыі», — заявіў прэм'ер-міністр Іспаніі Пэдра Санчэс.
Улады Каталоніі правялі рэферэндум у 2017 годзе. Пасля гэтага Мадрыд увёў у рэгіёне непасрэднае кіраванне, каталонскі парламент быў распушчаны.
Каталонскія лідары былі асуджаныя ў 2019 годзе, іх прызналі вінаватымі ў мяцяжы і растраце. Яны атрымалі ад 9 да 13 гадоў турмы.





