Валанцёры-праваабаронцы сцвярджаюць, што 19 чэрвеня міліцыя прыйшла ў кватэру сям'і Скарга праз налепкі з выявай «Пагоні» на акне. Дома знаходзіўся бацька Алег Скарга. Каб прымусіць яго адчыніць дзверы, сілавікі нібыта выкруцілі дзвярное вочка і пусцілі ў памяшканне газ, пішуць праваабаронцы.
Пазней у РУУС нібыта была затрыманая ягоная жонка Святлана, якая прыехала даведацца, што здарылася з яе мужам, а затым і дачка Яна, з якой міліцыянеры звязаліся праз тэлефон. 20 чэрвеня быў затрыманы знаёмы Яны Андрэй Ярошкін, які прыйшоў на сустрэчу для перадачы тэлефона.
У выніку Андрэю Ярошкіну прысудзілі 15 сутак арышту, папярэдне — за з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення. Алег Скарга атрымаў 25 сутак арышту за «масавае мерапрыемства» і непадпарадкаванне. Паводле інфармацыі валанцёраў, астатнія члены сям'і Скарга ўжо на волі.
Сталічная міліцыя пацвердзіла затрыманне Алега і Андрэя, а Святлану і Яну не затрымлівалі. Інфармацыю аб прымяненні газу міліцыя абвяргае.





