Справу разглядала судзьдзя Карэліцкага раёну Ірына Каско, дзяржаўны абвінаваўца — Аляксандар Шляжко. Старшы інспэктар ГУУС Менскага гарвыканкаму Дзьмітры Кротаў праходзіў у справе як пацярпелы.
Асуджанаму Максіму Шырынскаму 33 гады. Жанаты, двое малых дзяцей. Працуе электразваршчыкам на заводзе.
Пацярпеламу Кротаву 39 гадоў, у міліцыі служыць 19 гадоў. Ён сам зьвярнуўся ў міліцыю, каб пакаралі Шырынскага.
Па вэрсіі сьледзтва, Шырынскі ў інстаграме пад фота Кротава яшчэ летась у ліпені пакінуў камэнтар «Е*** мусор». Экспэрты вырашылі, што ён «утрымлівае нэгатыўную ацэнку» і адрасаваны Кротаву. На мужчыну завялі крымінальную справу за абразу па артыкуле 369 КК Беларусі.
Шырынскі сваю віну цалкам не прызнаў. Ён патлумачыў, што камэнтар адрасаваў невядомаму чалавеку, які і запосьціў згаданае фота. Прычым ягоныя словы тычыліся не міліцыянта, а інтэрнэту агулам, дзе могуць разьмяшчаць не заўжды праўдзівую інфармацыю. Шырынскі дадаў, што ня ведаў, што чалавек на фота — супрацоўнік міліцыі, бо той быў у цывільным адзеньні.
Як расказала сястра асуджанага Вольга, допісу з фота міліцыянта і абразьлівым камэнтаром ужо на пачатак сьледзтва не існавала. Доказам віны брата ў судзе быў скрыншот таго допісу.
Са словаў сястры, у судзе таксама разглядалі відэаролік, на якім Шырынскі рве пасьведчаньні да ўзнагародаў падчас ягонай службы ў войску са словамі, што яму сорамна за беларускае войска. Гэта ў судзе прадставілі як характарыстыку Шырынскага, што ён мае непрыязь да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў агулам.
Мужчыну пачалі выклікаць на допыты яшчэ ў жніўні. Ён увесь час заставаўся пад падпіскай аб нявыезьдзе. У красавіку справу перадалі ў суд. У чэрвені яго прызналі вінаватым і далі 1 год абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Прысуд ужо ўступіў у сілу. Пакараньне Шырынскі будзе адбываць у Мазыры, куды паедзе 25 чэрвеня.





