Чытачы «Нашай Нівы» паведамілі, што ва ўсім Магілёве не было электрычнасці і былі праблемы з вадой: сталі тралейбусы, не працавалі святлафоры і АЗС.
Аналагічныя праблемы былі ў Шклове, Бялынічах, Талачыне і Оршы, некаторых раёнах Гомеля.
Жыхары мінскай Серабранкі таксама масава паведамлялі пра перабоі з электрычнасцю.
У Наваполацку гарэлі тэхналагічныя факелы нафтахімічных заводаў.
Пазней з'явілася паведамленне МНС: «Падраздзяленні МНС выехалі па паведамленні аб пажары на тэрыторыі Лукомльскай ДРЭС. Інфармацыя будзе дапоўненая».
Адбылося ўзгаранне адной з секцый трансфарматарнай падстанцыі.
З-за пажару на Лукомльскай ДРЭС парушана электразабеспячэнне населеных пунктаў Магілёўскай і Віцебскай абласцей, паведамілі ў мінэнерга. Былі адключаныя 8 энергаблокаў ДРЭС і ўсе выходныя лініі 330 кВ.
Папярэдняя прычына пажару па версіі мінэнерга — пашкоджанне вымяральнага трансфарматара.
Па стане на 22:37 сталі з'яўляцца паведамленні пра тое, што электразабеспячэнне ў Магілёве пачало аднаўляцца.
У 23:02 ратавальнікі паведамілі, што загаранне трансфарматара напружання ТН-330 кВ (2 секцыя) на Лукомльскай ДРЭС ліквідавана. Пацярпелых няма.





