Не ўсе зялёныя насаджэнні ў сталіцы прачнуліся пасля зімовай спячкі, гэта кідаецца ў вочы. Сярод засохлых адзінак не толькі маладыя пасадкі, але і дарослыя дрэвы. Памерлыя расліны абследуюць спецыяльна створаныя ў раёнах горада камісіі. Калі падазрэнні аб гібелі пацвярджаюцца, то прымаецца рашэнне аб выдаленні такіх насаджэнняў.

На тэрыторыях, якія абслугоўвае «Мінскзелянбуд», сёлета налічылі больш за 2 тысячы засохлых дрэў, у той час як у 2020-м не перазімавалі менш за 200 насаджэнняў. У чым прычына? Марозная зіма? Спецыялісты лічаць, што праблема не ў нізкіх тэмпературах.

— Халады страшныя для экзатычных дрэў, а не для звыклых да нашага клімату, — тлумачыць кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў зялёнай гаспадаркі «Мінскзялёнбуда» Анжаліка Пузанкова.

Аднак надвор'е ўсё ж мае дачыненне да таго, што адбываецца. Снежная і марозная зіма прымусіла дарожнікаў інтэнсіўна апрацоўваць вуліцы супрацьгалалёднымі рэагентамі, багацце якіх і прывяло, на думку суразмоўніцы, да такіх наступстваў для раслін. Прычым некаторыя з іх яшчэ спрабавалі зазелянець, але, толкам не распусціўшыся, пупышкі засыхалі і адміралі. На жаль, рэанімаваць іх не ўдалося, нягледзячы на падкормкі і іншыя працэдуры.

— Адбіралі пробы глебы на асноўных праспектах і МКАД, вынікі даследаванняў паказалі, што зямлю перасалілі, — кажа спецыяліст. — Аднак гэта можна заўважыць нават простым вокам. На грунце ўсё яшчэ бачны белы налёт, гэта крышталі солі. Каб знізіць яе негатыўнае ўздзеянне на расліны, пасля зімы прамываем глебу, але з часам соль праступае на паверхні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0