Мітынг, які праходзіў пад лозунгам «Выратуем Амерыку», адбыўся ў горадзе Велінгтан, штат Агаё. Трамп выйшаў да сваіх прыхільнікаў і пачаў з чарговай заявы аб тым, што рэзультаты прэзідэнцкіх выбараў у лістападзе 2020 года, па выніках якіх ён не быў пераабраны на другі тэрмін, былі падтасаваныя, піша Бі-бі-сі.
Ён намякнуў, што можа балатавацца ў прэзідэнты трэці раз. «Мы выйгралі выбары двойчы і, магчыма, прыйдзецца зрабіць гэта ў трэці раз», — сказаў са сцэны экс-прэзідэнт ЗША.
Яго ўдзел у наступных прэзідэнцкіх выбарах, у 2024-м, залежыць ад таго, як вырашацца юрыдычныя праблемы, з якімі сутыкнуўся Трамп. У офісе акруговага пракурора Манхэтэна адвакатам Трампа паведамілі, што разглядаюць магчымасць завядзення крымінальнай справы ў дачыненні да сямейнага бізнэсу Трампа.
На мітынгу Трамп звярнуўся да тэм, па якіх актыўна выказваўся і раней, у першую чаргу да праблемы росту колькасці мігрантаў, якія трапляюць у краіну праз мяжу з Мексікай.
«Да нас у краіну прыязджаюць мільёны людзей. Мы паняцця не маем, хто яны такія», — заявіў былы прэзідэнт, адзначыўшы, што дзеянні Джо Байдэна процілеглыя таму, што рабіла адміністрацыя Трампа.
У адміністрацыі Байдэна называлі міграцыйную палітыку, якую праводзіў Трамп, бесчалавечнай. Хоць уласныя планы Трампа застаюцца нявызначанымі, ён заклікаў прыхільнікаў падтрымаць рэспубліканцаў, якія будуць балатавацца ў Палату прадстаўнікоў і Сенат.
«Мы вернем сабе Кангрэс, вернем сабе Амерыку, і зробім гэта ўжо хутка», — сказаў ён.
Цяпер Дэмакратычная партыя валодае мінімальнай большасцю ў абедзвюх палатах, але на выбарах у 2022 годзе яна можа яго пазбавіцца.
Пасля таго як Трамп пакінуў Белы дом, ён публічна выступаў толькі на мерапрыемствах Рэспубліканскай партыі. Мітынг у Агаё стаў для яго першым пасля сыходу з пасады прэзідэнта масавым мерапрыемствам для прыхільнікаў.
У прыватнасці, ён падтрымаў свайго паплечніка Макса Мілера, які мае намер вылучыць сваю кандыдатуру супраць кангрэсмена Энтані Ганзалеса — аднаго з 10 рэспубліканцаў, якія галасавалі за імпічмент Трампу пасля падзей у Капітоліі 6 студзеня 2021 года.
Як чакаецца, Трамп паўдзельнічае яшчэ ў двух мітынгах. Прыхільнікі экс-прэзідэнта, як паведамляе «Рэйтэр», спадзяюцца, што такія мерапрыемствы дапамогуць Трампу з'яднаць Рэспубліканскую партыю і забяспечаць падтрымку кандыдатам-аднадумцам былога прэзідэнта.