Тэсты на антыцелы мусяць паказаць, ці развіўся ў вашым арганізме імунны адказ пасля заражэння каранавірусам.

Станоўчы вынік сведчыць пра тое, што нядаўна вы перахварэлі на кавід, нават калі сімптомаў ніякіх не было.

Калі вынік адмоўны, то на дадзены момант імуннай аховы ад кавіду няма. Але гэта не значыць, што вы не хварэлі на каранавірус. Антыцелы могуць прысутнічаць, але ў замалой колькасці, каб іх мог выявіць тэст. Больш за тое, для выпрацоўкі антыцел патрабуецца ад аднаго да трох тыдняў пасля заражэння. А праз некалькі месяцаў узровень антыцел можа зноў знізіцца ніжэй за парог, які можа паказаць тэст на антыцелы.

Што датычыцца поствакцынальных антыцел, то звычайныя тэсты, як правіла, іх не выяўляюць увогуле. Справа ў тым, што большасць тэстаў распрацаваныя для пошуку антыцел да бялку каранавіруса, вядомага як нуклеакапсід, ці проста N. Пасля заражэння каранавірусам у арганізме выпрацоўваецца менавіта гэты тып антыцел.

Аднак такія антыцелы не заўсёды могуць прадухіліць вірусную інфекцыю. Да таго ж, яны дзейнічаюць у арганізме нядоўга, піша The New York Times.

Сучасныя вакцыны дапамагаюць арганізму выпрацаваць антыцелы да іншага бялку, вядомага як спайкавы. Ён знаходзіцца на паверхні віруса, і антыцелы да яго забяспечваюць больш эфектыўную і доўгую ахову.

Калі чалавек, які ніколі не хварэў на каранавірус, вакцынуецца, а пасля робіць тэст, то ён пакажа адмоўны вынік, бо ў арганізме няма антыцел да бялку N, але, хутчэй за ўсё, ёсць антыцелы да спайкавага бялку.

Для гэтых антыцел існуюць асаблівыя тэсты. У Беларусі іх робяць лабараторыі InVitro i Synevo.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0