«Спыненне пагаднення аб рэадмісіі з ЕС — наступствы? Беларускія ўлады заявілі, што ў адказ на санкцыі прыпыняюць дзеянне пагаднення аб рэадмісіі з ЕС. Яно тычыцца ўзаемадзеяння ў сферы барацьбы з нелегальнай міграцыяй.
Праблема ў тым, што гэта пагадненне ідзе ў адным пакеце з Пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму — тым самым, якое ўступіла ў сілу роўна год таму і дазволіла паменшыць кошт шэнгенскай візы з 80 еўра да 35 еўра, — піша ў сябе ў фэйсбуку аналітык Андрэй Елісееў.
Па ўсёй бачнасці, калі ЕС хутка не развядзе гэтыя два пагадненні шляхам прыняцця ў сваім заканадаўстве выключэння па Беларусі, то ў хуткім часе аўтаматычна наступіць і замарозка Пагаднення аб спрошчаным візавым рэжыме, і тады кошт за «Шэнген» зноў рэзка ўзрасце.
Такім чынам, ЕС пастаўлены ў няёмкае становішча, бо прыняцце падобнага выключэння па Беларусі можа быць часазатратным і не простым. І, як звычайна, сваімі контрмерамі беларускія ўлады ствараюць праблемы, перш за ўсё, беларусам, чым ЕС», — напісаў ён.
Беларусь прыпыняе свой удзел ва Усходнім партнёрстве і адклікае прадстаўніка пры ЕС





