«Цягам доўгага часу ў выпраўленчай калоніі адкрытага тыпу №17 адбываецца капітальны рамонт. Людзі, якія тут адбываюць пакаранне, увесь гэты час сутыкаюцца з праблемамі, бо будаўнічая арганізацыя не варушыцца зусім ніяк.

У той момант, калі стаяла невыносная спёка, яны знялі пакрыццё даху. Але замест таго, каб займацца ім, пачалі займацца фасадам. А калі пачаліся дажджы, гэты адкрыты дах стаў працякаць і ліцца вадаспадам, затапліваючы калідоры і пакоі, у якіх жывуць людзі.

У выніку траплення вады ў праводку цяпер няма электрычнасці, лядоўні размарожваюцца. Пліты тут электрычныя, таму няма магчымасці гатаваць ежу. Адсутнічае гарачая вада. Нікога з прадстаўнікоў будаўнічай арганізацыі няма, і ніякіх захадаў па выпраўленні сітуацыі не робіцца», — напісаў нам вязень. 

«Наша Ніва» звярнулася па каментар у прэс-службу МУС. Вольга Чамаданава запэўніла, што спачатку спраўдзіць інфармацыю.

Пасля гэтага яна дала наступны адказ: «На фота наступствы дажду, які прайшоў па ўсёй краіне ў папярэднія тры дні».

Разам з гэтым, па словах вязня, які даслаў інфармацыю, сёння ж начальнік выпраўленчай калоніі «максімальна прыклаў намаганні для хуткага аднаўлення даху, а таксама каб аднавіць падачу электрычнасці на кухні і ўключыць халадзільнікі. Таксама арганізавалі гарачае харчаванне — звадзілі людзей у сталовую». Гэта адбылося пасля абеду, бліжэй да 16-й гадзіны, што па часе супадае са зваротам у Міністэрства.

Да заўтра кіраўніцтва калоніі паабяцала падключыць электрычнасць у пакоях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?