Фота са старонкі праекта ў фэйсбуку. Аляксандр Мартынюк злева

«Ёсць такая метафара, што думкі — гэта імправізацыя на мільярдах клавішаў. Пэўна, для мяне плывучы кінатэатр і стаў такой імправізацыяй жыццёвага досведу, таго, што я бачыў і чытаў, і таго, пра што марыў», — кажа Аляксандр Мартынюк.

Аляксандр вядомы ў кінатусоўцы як арганізатар міжнароднага фестывалю кароткага метра «Нефільтраванае кіно». У сёлетнім сакавіку фэст прайшоў у Мінску ў сёмы раз. 

Чарговым праектам кінаактывіста стаў плывучы кінатэатр. Ён уяўляе сабой матаблок з прычэпам на аўтамабільных колах. Прычэп змяшчае на сабе самаробны драўляны кемпер і пры нагодзе ператвараецца ў катамаран на чатырох надзіманых балонах, куды становіцца матаблок. Канструкцыя зборная-разборная, можа рухацца і па вадзе, і па зямлі. У яе два маторы, адзін з якіх савецкі, рарытэтны, безыменны.

Фота са старонкі праекта ў фэйсбуку

«Нам гэты матор падагнаў нейкі дзед, і запрацаваў ён толькі тыдзень таму. У мяне была мэта зрабіць дом на колах, на якім можна вандраваць з пэўнай місіяй, прычым з магчымасцю перамяшчацца па розных стыхіях — не толькі па зямлі, але і па вадзе. У выніку я прыйшоў да такога тэхнічнага рашэння — яно лагічна выцекла з маіх магчымасцяў і не запатрабавала ад мяне вельмі вялікіх выдаткаў і глыбокіх тэхнічных ведаў. Прыйшлося толькі зрабіць крыху падлікаў паводле сапрамату».

Важыць уся канструкцыя больш за тону, плошча палубы — каля трыццаці квадратных метраў, вышыня — каля двух з паловай метраў. Экран збіраецца — то-бок раскручваецца і вешаецца на адну са сценаў.

«Каб зладзіць паказ, мы павінны прышвартавацца, бо на вадзе выява будзе хістацца. Экран можна павесіць на сцяну кемпера, а праектар паставіць на беразе, у нас ёсць аўтаномная калонка і электрычнасць праз сонечную панэль. Гледачы збіраюцца, але мнагалюдных паказаў пакуль не было, былі, хутчэй, камерныя рэчы на пару дзясяткаў чалавек».

Фота са старонкі праекта ў фэйсбуку

Рэпертуар у плывучага кінатэатра ўсё адно што міжнародны фестываль, сфарміраваны з пададзеных заявак — па ўзоры «Нефільтраванага кіно». Праграма для мінакоў уключае ў сябе кароткія ролікі да чатырох хвілін. Для яе важная візуальная частка, бо выява мусіць прыцягваць увагу выпадковага чалавека.

«Гэта імправізаваныя паказы, так званае pop-up cinema, калі кінаімпрэза разгортваецца ў людных месцах розных гарадоў: хто прыйшоў, той прыйшоў. Ёсць і другая праграма, ужо не для мінакоў, а для запланаваных сеансаў — сюды адбіраецца найлепшы кароткі метр з атрыманых заявак. Мы шукаем арганізатараў, напрыклад, у Бабруйску ці Светлагорску, каму гэта цікава, і робім паказы. У Бабруйску імпрэзу мы ладзілі ў антыкафэ, там вельмі зайшлі нашы кароткаметражкі. Дзякуючы інтэрнэту гэта можна арганізаваць за тыдзень».

Атрымліваецца так званы Urban Cinema. Паводле Аляксандра, гэта адзін з апошніх трэндаў і «куцюр у галіне відэаарта», які прадугледжвае, што кінапаказы ладзяцца ў гарадской атмасферы і на розных гарадскіх паверхнях.

Фота са старонкі праекта ў фэйсбуку

Кінаактывіст не мае канкрэтнага плана, колькі яго плывучы кінатэатр будзе ў падарожжы: «Гэта для мяне эсперымент, нейкі пошук. Але пошук чаго, я сам не магу растлумачыць. Калі б мог, мне б ужо, пэўна, было нецікава. Гэты кіналёт канструяваўся для падарожжа, якое не мае канца. Ён павінен стаць прытулкам для ўсіх — гэта не звязана толькі з кіно, проста так атрымалася, што гэта частка маёй дзейнасці, але з намі плывуць і, напрыклад, мастакі. Праект мусіць быць пабудаваны на нейкіх прынцыпах, толькі трэба яшчэ зразумець якіх. Адзінае, я ўжо зразумеў, што карабель — гэта месца, дзе ёсць адказнасць аднаго за ўсіх і ўсіх за аднаго, інакш гэта не будзе працаваць. Напрыклад, трэба рана ўстаць, і ўся каманда гэта разумее і рана ўстае. Альбо трэба ўсім узяцца за вёслы — і ўсе грабуць, што ёсць моцы. Гэта каманда». 

Хутка вандроўны балаган рушыць у Гомель, дзе зробіць перапынак, каб абагульніць вынікі падарожжа і рыхтавацца да перасячэння мяжы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0