Скрыншот з відэа МУС

Сяргея затрымалі 24 сакавіка, да суда ён быў змешчаны ў Гомельскае СІЗА, піша spring96.org.

Дзецук — сын экс-выкладчыцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якую судзілі за фота з БЧБ-сцягам.

5 сакавіка да Валерыі Дзецук прыйшлі з аглядам кватэры. Паводле інфармацыі МУС, 28 лютага каля вёскі Асаўцы некалькі жанчын правялі пікет з БЧБ-сцягамі і плакатам з надпісам «Змагаркі ўсяго свету! Віншуем Вас са святам 8 Сакавіка».

Свой тэлефон жанчына аддаваць міліцыянтам не хацела, на абарону маці стаў 35-гадовы сын Сяргей, які ў той час знаходзіўся дома.

Сяргей казаў тады «Радыё Свабода», што яго амапаўцы аднеслі ў іншы пакой, дзе з ім размаўляў невядомы, які прадставіўся начальнікам аддзела.

«Ён сказаў, што асабіста за нас узяўся, і мы ўсе будзем сядзець. За што — незразумела… У ІЧУ, дзе яна цяпер знаходзіцца, ад мяне ўзялі толькі цёплую вопратку — прадукты адмовіліся браць», — дадаў Сяргей.

У прэс-службе МУС паведамілі, што сын агрэсіўна адрэагаваў на з'яўленне супрацоўнікаў, абражаў іх і пагражаў гвалтам. Пазней мужчына супакоіўся, але матэрыялы праверкі адправілі следчым.

Суд распачаўся 29 чэрвеня, аднак падрабязнай інфармацыі пра судовы працэс у праваабаронцаў пакуль няма.

Сёння суддзя Віктар Казачок вынес прысуд Сяргею Дзецуку — тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0