Па стане на 1 ліпеня колькасць палітвязняў, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях, папраўчых установах адкрытага тыпу, змешчаныя ў СІЗА і пад хатні арышт, складае 526 чалавек. З іх 347 чалавек ужо асуджаныя да розных тэрмінаў пакарання, у дачыненні да 61 — ідзе судовае разбіральніцтва, яшчэ 118 палітвязняў чакаюць суда.

За чэрвень колькасць палітычных зняволеных узрасла на 88 чалавек.

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядома пра не менш за 125 асуджаных па «пратэсных» крымінальных справах у першым летнім месяцы. З іх 20% складаюць жанчыны, 80% — мужчыны.

Геаграфія прысудаў па «пратэсных« крымінальных справах у чэрвені выглядае наступным чынам:

  • Мінск — 21 чалавек;
  • Брэсцкая вобласць — 40 чалавек (Брэст, Баранавічы, Бяроза, Пінск, Кобрын, Ганцавічы)
  • Гродзенская вобласць — 21 чалавек (Гродна, Ліда, Масты, Дзятлава, Карэлічы, Свіслач)
  • Мінская вобласць — 12 чалавек (Мінскі раён, Салігорск, Жодзіна, Маладзечна, Старыя дарогі)
  • Магілёўская вобласць — 11 чалавек (Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Круглае)
  • Гомельская вобласць — 14 чалавек (Гомель, Жлобін, Светлагорск, Мазыр)
  • Віцебская вобласць — 6 чалавек (Віцебск, Лепель, Чашнікі)

Віды і памеры пакарання па «пратэсных» крымінальных справах

Сумарна за чэрвень па палітычна матываваных крымінальных справах, вядомых «Вясне», суды вынеслі:

  • 131 год 9 месяцаў пазбаўлення волі для 44 чалавек;
  • 71 з паловай год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») для 34 чалавек;
  • 63 гады абмежаванні волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») для 38 чалавек;
  • 1 год і 3 месяцы арышту для 5 чалавек;
  • 500 базавых велічынь штрафу для 4 чалавек.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0