Справу разглядае суддзя Алена Бушава, дзяржабвінавачанне падтрымлівае памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Дзмітрый Хаваўка.

Паводле версіі абвінавачвання, уначы 31 студзеня Міхайлаў прыгатаваў кактэйль Молатава, ў лесе паблізу вуліцы Міхася Чарота ў Мінску, затым пераліў вадкасць у, на якой загадзя напісаў «АГСБ». Пасля хлопец пехатою дайшоў да месца стаянкі эшэлона з вайсковай тэхнікай, дзе і падпаліў танк Т-72.

Сам Ягор Міхайлаў прызнае віну часткова: прызнае, што здзейсніў падпал танка, але не згодны з кваліфікацыяй і тым, што гэта было зроблена з палітычных матываў.

Ягор Міхайлаў

Ягор Міхайлаў

Праверкі па факце падпалу і крымінальную справу распачалі па факту размяшчэння відэа ў телеграм-канале «Баста!». Затрымалі Ягора 13 лютага. Міхайлава вылічылі па відэазапісе з «Еўраопта», куды ён адправіўся каля чатырох гадзін раніцы пасля кідка кактэйлю Молатава ў танк. 

На судзе Міхайлаў распавёў, што наўмысна зрабіў кактэйль Молатава так, каб «не прынесці вялікай шкоды вайсковай тэхнікі». Пракурор пацікавіўся, што значыў надпіс «АГСБ» на бутэльцы. Міхайлаў растлумачыў, што гэта «атрады грамадзянскай самаабароны», але сам ён у іх складзе ён не знаходзіцца. На пытанне дзяржабвінаваўцы, чаму на бутэльцы быў менавіта гэты надпіс, абвінавачаны адказаў, што яму напісаў знаёмы і сказаў, што «было б прыкольна напісаць на бутэльцы АГСБ».

Суддзя Бушава спытала ў Міхайлава: калі ён так баяўся пашкодзіць танк, то з якой мэтай кідалі бутэлькі? Абвінавачаны адказаў, што з мэтай розыгрышу, аднак адмовіўся тлумачыць гэта. 

Міхайлаў, калі кідаў бутэльку, здымаў падзеі на тэлефон. Як ён патлумачыў, каб «захаваць». Аднак і гэта тлумачыць падрабязней ён не захацеў. 

Таксама хлопец паведаміў, што відэа ён пасля скінуў знаёмаму: грамадзяніну іншай дзяржавы Дзісу. Менавіта карыстальніка тэлеграма з нікам «Дис» (грамадзяніна Германіі Дзяніса Хофмана) дзяржСМІ называюць кіраўніком тг-чата «АГСБ».

Пракурора цікавіла, ці падтрымліваў Міхайлаў нейкія адносіны з Дзісам. Абвінавачаны адказаў:

«Магчыма. Так. Размаўлялі і да гэтага, і пасля. Для пачатку трэба разумець, хто такі Дзіс. Многія лічаць, што ён арганізатар «АГСБ», але я кажу, што гэта не так. Ён не толькі не з'яўляецца ўладальнікам канала «АГСБ», ён нават ніколі не ўваходзіў у кола асобаў, набліжанае да кіраўніка. Ён мне казаў: «Дзяўчынкі лічаць мой голас сэксуальным, таму я там сяджу, знаёмлюся з дзяўчынкамі, карыстаюся, што цяпер больш-менш ліберальна, не баняць».

Вось, што з сябе ўяўляе гэты персанаж».

Па словах Міхайлава, з Дзісам ён вырашыў, што відэа з кідком бутэлькі ў танк не павінна з'явіцца ў інтэрнэце. Як і чаму ролік потым апублікавалі Міхайлаву невядома. Пасля гэтага Міхайлаў з Дзісам не меў зносінаў, бо пакрыўдзіўся на яго. 

Пракурор яшчэ раз спытаў, якая была прычына падпалу танка. Міхайлаў адказаў: «Хацеў пажартаваць». Патлумачыў, што намер на падпал танка ў яго ўзнік у той жа дзень: «Усё адбылося спантанна».

Пракурор: «Чаму менавіта ваенная баявая тэхніка?»

Абвінавачаны: «Мне падаўся пацешным той факт, што яна ніяк не ахоўваецца. Чаму яны не могуць абараніць сваю тэхніку, гэта здалося вельмі пацешным». 

Пракурор: «Вы вырашылі праверыць Узброеныя сілы?»

Абвінавачаны: «Можна і так сказаць. Для сябе».

Выгляд танка пасля здарэння

Выгляд танка пасля здарэння

Таксама Міхайлаў распавёў:

«Потым мне паступіла прапанова палітызаваць гэтае мерапрыемства. Трэба было даць інтэрв'ю (тг-каналу «Баста!»). Потым я падумаў, што гэта трызненне. Гэта ганьбіць гэтых бедных няшчасных вайскоўцаў. І ў цэлым краіну не вельмі прыгожа выстаўляе, таму ад гэтай ідэі палітызаваць якім-небудзь спосабам дадзенае мерапрыемства я адмовіўся».

Таксама Міхайлаў паскардзіўся на ўмовы ўтрымання, сказаў, што яму не дазваляюць ёсць ежу, якую ён купляе ў краме, і таму на судах ён пастаянна галодны (на працэсе 15 ліпеня трымаўся ўвесь час за жывот).

Падчас вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы стала вядома, што пасля затрымання Міхайлаў запісваў «пакаяльнае відэа» у дворыку КДБ, там яго і дапытвалі. На судзе ў яго спыталі, ці падтрымлівае ён сказанае на допыце ў КДБ, але Міхайлаў адказаў, што не хоча каментаваць тое, што там адбывалася. 

Ягору Міхайлаву пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0