«Мы спрабавалі выстаяць падчас цунамі, але ў нас не атрымалася, — кажа Ягор. — На жаль, прастора для дзейнасці незалежных СМІ скарацілася да памеру камеры на Акрэсціна ці Валадарцы. Ні я, ні, думаю, мае арыштаваныя калегі не шкадуем, што засталіся ў Беларусі і працавалі з Беларусі да апошняга. Праца нацыянальнага брэнда павінна працягвацца хоць з намі, хоць без нас, таму што «Наша Ніва» — гэта не Марціновіч, Скурко, Дынько і Раковіч (галоўны рэдактар выдання яшчэ не ведае, што бухгалтара 16 ліпеня вызвалілі — НН), а высокапрафесійная журналісцкая каманда і сотні тысяч чытачоў.

Як можна нам дапамагчы? Падпішыцеся на нашы старонкі ў сацыяльных сетках, падпішыцеся на наш тэлеграм-канал! Чытайце па-беларуску, рэпосціце па-беларуску, размаўляйце па-беларуску! І калі такіх людзей будзе не сотні тысяч, а мільёны, то ўсе мы вызвалімся нашмат раней. Люблю Беларусь!»

Ягор Марціновіч быў затрыманы 8 ліпеня, пры затрыманні збіты, у СК прыязджала хуткая дапамога, паколькі была траўма галавы. Разам з ім былі затрыманыя галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўны бухгалтар Вольга Раковіч (яе 16 ліпеня вызвалілі). Як паведамлялі ў СК, усе яны праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК (падрыхтоўка ці арганізацыя дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак, або ўдзел у іх). За гэтыя 10 сутак, пакуль нашыя калегі сядзелі ў ізалятары, мера ўтрымання ім не абіралася, абвінавачванне не прад’яўлялася. 18 ліпеня Марціновіча, Скурко і Дынько затрымалі ў другі раз, ужо па новым артыкуле Крымінальнага кодэкса. На гэты раз — на трое сутак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0