Беларусь

Форму беларускім спартсмэнам адшывала фабрыка «Сола-Пінск». Яны ж рабілі адзенне для валанцёраў на ІІ Еўрапейскіх гульнях.

Гэта першы выпадак, калі экіпіроўку для нашай зборнай на Алімпіяду вырабляе айчынная фірма — раней яе замаўлялі ў Adidas ці Fila, напрыклад.

Асноўнымі колерамі сталі белы, блакітны і ментолавы. Такую гаму абралі, бо яна лепш глядзіцца ў тэлеэфіры.

Расія

Класічную спартыўную форму зборнай разбаўляюць усходнія матывы.

Пінжакі нагадваюць кімано, а выява нацыянальнага сцяга — гіганцкі веер. На ўнутраным баку касцюмаў намаляваны абярэг з пажаданнем удачы. 

ЗША

Для амерыканцаў па традыцыі форму распрацоўваў мадэльер Ральф Ларэн. Мода тут спалучаецца з інавацыямі: у пінжаках сцяганосцаў убудаваны датчык кантролю тэмпературы, каб спартсмэны не пераграваліся. А вятроўкі падобныя да скафандра касманаўта.

Форма шылася з паліэстэру з перапрацаваных бутэлек і бавоўны, пафарбаванай з мінімальнымі затратамі энергіі. Такі ўклад дызайнера ў экалогію.

А тэлезорка Кім Кардаш’ян выпусціла ніжнюю бялізну і адзенне для адпачынку для спартоўцаў. Яе брэнд Skims ужо распачаў продаж гэтай калекцыі.

Італія

Італьянскіх алімпійцаў апранаў дызайнер Джорджа Армані. Не абышлося без адсылак да Японіі — напрыклад, надпіс «Італія» на спіне стылізаваны пад іерогліфы. «Нашы войны гатовы да Токіа», — з такім слоганам прэзентавалі калекцыю, параўноўваючы спартсмэнаў з самураямі. 

Асноўныя колеры экіпіроўкі — белы і цёмна-сіні. Плюс гіганцкая выява сцяга. Адны крытыкі ў захапленні, іншыя называюць форму горшай на Алімпіядзе.

Вялікабрытанія

Калекцыю для спартсмэнаў прэзентавалі на тыдні моды ў Лондане. Дызайнеры натхняліся алімпійскай формай 1960-х гадоў. Такі стрыманы брытанскі стыль — курткі-бомберы з паласатымі рукавамі, светлыя штаны-чынас, цішоткі-пола (балельшчыкі могуць набыць любую за 55 фунтаў).

Венгрыя

Плісірованыя спадніцы ў колерах нацыянальнага сцяга, шаўковыя сарафаны, кароткія кімано…

Верагодна, венгерскія модніцы імгненна раскупяць алімпійскую форму. За яе распрацоўку браўся лакальны брэнд Nubu, які спалучае мінімалізм і сучаснасць.

Чэхія

Дызайнеры абыгралі народны чэшскі касцюм. Сіняя тканіна з белым узорам — гэта ручная афарбоўка ў тэхніцы «мадроціск» (рамяство са спісу нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў ЮНЕСКА). Узор наносіцца перад афарбоўкай з дапамогай драўлянага трафарэта і бескаляровай пасты.

Парадную форму дапоўнілі чырвонымі чаравікамі, плеценымі сумкамі і веерамі.

Нідэрланды

Для зборнай Нідэрландаў распрацавалі нібыта круізную калекцыю. Светлыя касцюмы ў палоску, модныя ў гэтым сезоне бермуды…

У такім пасля афіцыйных мерапрыемстваў можна адразу адпраўляцца на праменад па ўзбярэжжы.

Тонга

Зборныя экзатычных краін заўсёды выглядаюць каларытна. Гэтым разам увагу прыцягнулі атлеты з Тонга. А дакладней, іх сцяганосец — на цырымоніі адкрыцця ён з’явіўся ў нацыянальнай спадніцы, упрыгожанай малюскамі, і з голым торсам, шчодра абмазаным алеем.

Касцюмы гэтай зборнай аднолькавыя для мужчын і жанчын — яркая цішотка з ружовым арнаментам і сіняя спадніца.

Ліберыя

Да гэтай калекцыі прыклаў руку папулярны ў моладзі амерыканскі брэнд Telfar (яго заснаваў дызайнер ліберыйскага паходжання). Ён натхняўся афрыканскай культурай — апрануў алімпійцаў у тунікі і шаравары.

Іншая фішка дызайнера — нестандартныя канструктарскія рашэнні (напрыклад, шорты, падобныя да завязанага на поясе ручніка).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0