Дэпартамент статыстыкі Літвы штодня абнаўляе статыстыку па колькасці нелегальных мігрантаў. Так, з пачатку года большасць уцекачоў — грамадзяне Ірака. Іх зафіксавана 2555 чалавек. На другім месцы — Конга (191 чалавек), на трэцім — Камерун (129 чалавек). Чацвёртае і пятае месца ў Сірыі (124 чалавекі) і Ірана (91).

Як расказвалі іракскім журналістам турыстычныя кампаніі і кантрабандысты, што перакідваюць мігрантаў у Беларусь, арганізацыя паездкі на самалёце, як правіла, каштуе $15—30 тысяч. Сюды ўваходзяць заробкі «арганізатараў тураў», пералёты і сэрвісныя зборы, жыццё ў гасцініцах, экскурсіі і абавязковы заклад. 

Да $108 тысяч аэрапорту і €6000 «Белаэранавігацыі»

Пачнём з невялікіх грошай. Калі толькі самалёты з мігрантамі ўваходзяць у паветраную прастору нашай краіны, адразу ж уключаецца лічыльнік «Белаэранавігацыі». За кожныя 100 кіламетраў паветраных шляхоў гэтая арганізацыя бярэ 43 еўра (такія стаўкі зафіксаваныя ў палажэнні аб сэрвісных зборах). 

Да гэтага тыдня «Іракскія авіялініі» выконвалі па два рэйсы на тыдзень: адзін з Багдада, другі з Сулейманіі. Таксама двойчы на тыдзень у Мінск з Багдада лятае кампанія FlyBagdad. Як вызначыў падчас расследавання іракскі журналіст Карэем Батане, на самалёты менавіта гэтых авіякампаній звычайна купляюць білеты ўцекачы. 

Як правіла, кампаніі адпраўляюць Boeing 737-800 вагой 79 тон (ад яе залежыць спецыяльны каэфіцыент). То-бок за адзін рэйс кампанія плаціць Беларусі 189 еўра. Такім чынам, за два апошнія месяцы іракскія авіярэйсы прынеслі «Белаэранавігацыі» каля 6048 еўра. 

У найбліжэйшы час гэта лічба вырасце. Літаральна з гэтага тыдня кампанія «Іракскія авіялініі» павялічвае колькасць рэйсаў да пяці на тыдзень. І яна будзе плаціць «Белаэранавігацыі» дадаткова каля 2268 еўра на месяц.

Яшчэ ад 15 да 30 даляраў сэрвіснага збору з кожнага авіябілета бярэ Нацыянальны аэрапорт «Мінск». Калі дапусціць, што ўсе 3643 уцекачы дабіраліся да Беларусі на самалёце, то толькі за кошт білетаў яны пакінулі ў аэрапорце ад $54 да $108 тысяч.

Ад $84 тысяч гасцініцам

Іракскі журналіст Карэем Батане высветліў у турыстычных агенцтвах Ірака, што ёсць цэлы спіс гасцініц, у якіх па дамоўленасці беларускага і іракскага ўрадаў засяляюць такіх замежнікаў. Гэта «Планета», «Спадарожнік», Minsk Hotel, а таксама Crown Plaza і Marriott.

Кошты на бюджэтныя двухмясцовыя нумары за ноч стартуюць ад $22 у «Спадарожніку», $40 у «Планеце» да $88 у гатэлі «Мінск», $99 у Crown Plaza, $161 у Marriott. 

Калі ўзяць нават самы танны варыянт — «Спадарожнік», — памножыць на 2555 уцекачоў з Ірака, то за суткі гасцініца зарабіла б $28 тысяч. 

Ужо ў Літве мігранты казалі літоўскім журналістам, што, як правіла, жылі ў Мінску мінімум трое сутак. У такім выпадку мінімальная сума павялічваецца да $84 тысяч.

Рэальна яна можа быць нашмат большай, бо дакладна невядома, колькі ўцекачоў жылі ў якіх гасцініцах.

Каля $7,6 мільёна за тое, што не вернуцца ў Ірак

І самая цікавая рэч, у параўнанні з якой астатнія сумы пададуцца не такімі ўжо і высокімі. Іракскія тураператары расказалі літоўскай тэлекампаніі LRT, што кожны грамадзянін Ірака, які адпраўляецца па турыстычнай візе ў Беларусь, павінен пакінуць своеасаблівы «заклад» у $3000. 

Гэтую інфармацыю іракскім журналістам пацвердзіў Меер Сахебран — уладальнік аднаго з турыстычных аператараў. Па яго словах, калі чалавек не вяртаецца назад у Беларусь, то гэты заклад застаецца ў краіне. Якой арганізацыі ідуць гэтыя грошы, Сахебран не ўдакладніў. Як і астатнія іракскія арганізатары тураў у Беларусь, з якімі пагаварылі журналісты літоўскай тэлекампаніі LRT. Аднак усе яны пацвердзілі, што існуюць аналагічныя дамоўленасці з беларускім бокам. 

А цяпер лічым. Няхай з 2555 мігрантаў «заклад» пакінула толькі палова, то-бок 1264 чалавекі. Гэта як мінімум $3,8 мільёна. Калі ж заплацілі ўсе, то сума вырастае да $7,6 мільёна. 

Калі падлічыць усе вышэйпералічаныя траты іракцаў, то агульная сума, якую яны пакінулі ў Беларусі, складзе ад $4 мільёнаў да $7,8 мільёна за два месяцы. Для параўнання, чысты прыбытак Мінскага трактарнага завода за цэлы 2020 год склаў каля $3,3 мільёна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?