«У адпаведнасці з распараджэннямі ўрада Упраўленне грамадзянскай авіяцыі Ірака аб'яўляе аб прыпыненні ўсіх рэйсаў з Ірака ў Менск з авіякампаніяй «Іракскія авіялініі» або іншымі нацыянальнымі перавозчыкамі да далейшага паведамлення», — гаворыцца ў дакуменце.

«Рэйсы з Беларусі будуць дазволеныя толькі для вяртання іракскіх грамадзян, — гаворыцца ў заяве іракскага ведамства. — Гэтыя самалёты будуць вылятаць з Ірака без пасажыраў».

Нагадаем, 5 жніўня «Іракскія авіялініі» паведамілі аб прыпыненні рэйсаў у Менск на тыдзень.

З Багдада ў Мінск ляталі авіякампаніі Iraqi Airways (чатыры разы на тыдзень) і FlyBaghdad (двойчы на тыдзень). Раней паведамлялася, што ў жніўні рэйсы ў Мінск будуць адпраўляцца не толькі з Багдада, але і яшчэ з Басры, Эрбіля і Сулейманіі.

Літва і іншыя краіны Еўрасаюза абвінавачвалі Мінск у фактычнай арганізацыі нелегальнай міграцыі іракцаў у ЕС. Каб спыніць гэта, літоўскія памежнікі з дапамогай еўрапейскай памежнай службы «Фронтэкс» пачалі выправаджваць мігрантаў з беларускімі візамі тымі ж сцежкамі, якія яны прыйшлі. А паралельна еўрапейская дыпламатыя праводзіла перамовы з уладамі Ірака.

Еўрапейцы лічаць бязвізавы ўезд у Беларусь «з мэтаю вакцынацыі», нядаўна ўведзены беларускімі ўладамі для сямі дзясяткаў краін, пераважна Трэцяга свету, шырмай для нелегальнай міграцыі, бо ўзровень вакцынацыі ў самой Беларусі адзін з найніжэйшых у Еўропе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0