Каля сямі раніцы ў дом, дзе пражывае Дзмітрый Шутаў з мамай, прыйшлі супрацоўнікі органаў унутраных спраў.

— Мне мама напісала паведамленне, што быў ператрус (пакуль невядома, ці праводзілі ў доме Шутава ператрус або агляд — заўв. рэд.) і Дзіму затрымалі. Абшукалі ўвесь дом, потым сказалі, што забяруць яго ў РАУС для гутаркі. Яго забралі, а потым ён патэлефанаваў і сказаў, што на трое сутак [затрымліваюць], — распавядае Анастасія, сястра Дзмітрыя. — Мы таксама патэлефанавалі, спыталі, дзе ён знаходзіцца, нам сказалі, што ён едзе ў Ленінскі РАУС з Жабінкі і што ён не адзін, а з ім яшчэ чатыры чалавекі. Нам сказалі потым, што 15 чалавек з Жабінкі затрымалі.

Што было напісана ў пастанове на ператрус або агляд, родныя Дзмітрыя дакладна не ведаюць, таму што не змаглі ўважліва разгледзець паперу. Па словах Анастасіі, у пастанове гаварылася аб телеграм-канале, які прызнаны ўладамі экстрэмісцкім.

Фота з архіва сям'і Дзмітрыя Шутава.

Фота з архіва сям'і Дзмітрыя Шутава.

Дзмітрыя раней не затрымлівалі, кажа сястра. Да нядаўняга часу ён працаваў ахоўнікам у гіпермаркеце ў Брэсце, а нядаўна ўладкаваўся на новую працу. Але да затрымання паспеў там адпрацаваць толькі два дні.

— Мы нават не ведаем, як на ягоную працу патэлефанаваць і паведаміць, што ён не выйдзе на працу.

Нагадаем, 11 жніўня ў Брэсце 44-гадовы ўдзельнік пратэстаў Генадзь Шутаў быў паранены сілавіком. Тады ў МУС заяўлялі, што міліцыя страляла ў пратэстоўцаў у Брэсце з агнястрэльнай зброі на паражэнне, тлумачачы гэта пагрозай жыццю і здароўю сілавікоў. Адзін з сілавікоў трапіў Генадзю Шутаву ў галаву. Праз тыдзень мужчына памёр у ваенным шпіталі Мінску.

Праз паўгода загінулы праходзіў абвінавачаным па крымінальным артыкуле. 25 лютага суддзя Святлана Крамянеўская прызнала загінулага вінаватым у «супраціве з ужываннем гвалту». Пацярпелымі па справе праходзілі вайскоўцы вайсковай часткі ў Мар'інай Горцы капітан Раман Гаўрылаў і прапаршчык Арсеній Галіцын. Аляксандра Кардзюкова, які ўвечары 11 жніўня быў разам з Шутавым, асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі. На судзе ён казаў, што пацярпелыя ў той дзень былі без формы, не прадстаўляліся і не прад'яўлялі дакументы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0