«Прывітанне, зай!

Мінуў месяц, як ты за кратамі. Самы доўгі і самы цяжкі месяц у нашым жыцці. Яшчэ ніколі мы не расставаліся на такі доўгі час, без магчымасці хаця б па тэлефоне сказаць адно аднаму хоць пару словаў.

Мы ведалі, што за намі могуць прыйсці. За намі прыходзілі, і не раз. І ведаеш, некаторыя ўсё ж пытаюць, а чаму ты не з’ехаў. А я нават не ведаю, што ім адказаць, людзям, якія калі такое пытаюць, зусім не разумеюць, які ты чалавек. Восенню, калі ты быў на Акрэсціна, аператыўнік з МУС схіляў цябе пакінуць Беларусь. Як недарэчна гэта нават гучала. Гэта як трэба неахайна ставіцца да сваёй працы, каб прапаноўваць табе такое. Я памятаю, як ты ўсміхаўся, калі следчы забараніў табе выезд за мяжу. З’явілася надзея, што цябе прынамсі не будуць выпіхваць з краіны, як Калеснікаву. 

Я вельмі рада, што за гэты цяжкі год у нашым жыцці было так шмат падарожжаў па Беларусі. Памятаеш, як мы прадавалі тэлевізар мужыку з Талачына, як ён гандляваўся за зніжку хоць у 10 рублёў, і прапаноўваў нам узамен экскурсію па горадзе? Ты памятаеш, які там прыгожы парк і касцёл? Ці як мы ездзілі ў Бераставіцу, памятаеш, красівенны, як казала мая бабуля, касцёл у цэнтры, а зверху гняздо з буслікамі? А за плотам, проста па суседстве, жыве самотная бабуля. Мы не паспелі разам з’ездзіць у Быхаў, цяпер я праглядаю здымкі адтуль і ўяўляю, як мы раненька ў суботу сядзем у машыну, возьмем з сабой чорны хвост і паедзем туды, на радзіму твайго дзеда. Як мы будзем смяяцца з тупых песен па радыё, абмяркоўваць, напрыклад, міграцыйны крызіс і ты абавязкова раскажаш мне футбольную гісторыйку, напрыклад, пра жанчын-трэнераў, якіх усё часцей бяруць у прафесійныя каманды.

Пасля мы закажам песню на радыё для папона, з нейкім смешным паведамленнем, а ён будзе званіць і дзякаваць, як гэта было нечакана, хаця гэта ўжо амаль стала нашай традыцыяй. Мы спынімся ў дарозе, каб купіць у мясцовых ягад, а на запраўках — каб пакарміць пёселяў, якія туды забягаюць. Мы будзем заязджаць у вёскі і радавацца, якія беларусы малайцы, як у іх усё дагледжана, якія вялікія агароды. Я буду спыняцца і проста дыхаць свежым паветрам, трохі нават бурчаць, што ў Мінску няма чым дыхаць, а ты будзеш закатваць вочы і казаць, што няма ў свеце лепшага горада за твой.

Цяпер ты вымушана сядзіш у самым цэнтры Мінска. І я спадзяюся, тваёй фантазіі хапае, каб разбурыць муры і ўзгадаць, што за кратамі касцёл, тэатр, спуск да Нямігі, дзе я феерычна звалілася на хуткасці з самаката.

Кожны новы дзень я стараюся ўспрымаць як набліжэнне нашай сустрэчы. Мы ёсць адно у аднаго. І ведаеш, калі б кагосьці з тых, хто біў цябе і здзекаваўся з цябе, хаця б на 10% кахалі так, як цябе і мяне, гэтыя людзі не рабілі б подласцяў і злачынстваў.

Адміністратар канала па дэанімізацыі сілавікоў расказала ў інтэрв'ю, што звесткі ім дасылаюць нават сваякі тых людзей. Пачула я гэта і думаю: гэта як трэба жыць, каб твае родныя на такое пайшлі?

Мне ўвесь час пішуць людзі, часта незнаёмыя, якія перадаюць, што ў мяне самы цудоўны муж у свеце. Хтосьці кажа, засаліў спецыяльна для цябе сала і просіць перадаць яго на Валадарку. Хтосьці даслаў смс «Старыя Дарогі з вамі», а я, шчыра сказаць, ніколі ў Старых Дарогах і не была. Учора вось беларус, які жыве ў Швейцарыі, запрасіў нас у падарожжа, там я таксама яшчэ не была. Але мы спачатку паедзем у Быхаў, а пасля, можа быць, і ў Швейцарыю. Навокал вельмі шмат добрых людзей. І ведаеш, калі мяне накрывае туга, я ўзгадваю 16 жніўня 2020 года, слёзы шчасця ад таго, што мы ўбачылі. Мы пераможам. Я кахаю цябе яшчэ больш, чым раней».

Пишите письма нашим коллегам

СИЗО-1, ул. Володарского 2, 220030, г. Минск
Мартиновичу Егору Александровичу
Скурко Андрею Геннадьевичу

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0