Аляксандр Лукашэнка заявіў, што так званыя «вагнераўцы» пасля затрымання папрасілі іх адправіць у Расію, а паколькі там большасць была менавіта грамадзян Расіі, то інакш ён паступіць не мог.

«Я, па-мойму, прыняў мудрае рашэнне: я даручыў Генеральнай пракуратуры запрасіць для перамоваў генпракурораў з Расіі і Украіны, і сядзьце ўтрох і вызначыцеся, як паступіць. Ніхто не прыехаў. Тады я запрасіў свайго старэйшага сына, ён быў памочнікам па нацбяспецы. Кажу: «Задай ім, ад майго імя, адно пытанне — куды вы хочаце паехаць?» Усе сказалі: «Толькі ў Расію»».

Ён дадаў, што «Украіна патрабавала выдаць» групу арыштаваных, а «Расія сказала, што ні ў якім разе». Іх на аўтобусе адвезлі пад Смаленск пры асабістым суправаджэнні Віктара Лукашэнкі.

— Адзін з іх — іх кіраўнік — пытаецца: «Віктар Аляксандравіч, а можна Мы ў Беларусь прыедзем да вас? Не, не па гэтым пытанні — так…» Віктар адказаў, што можна, прэзідэнт не казаў, што ўезд забаронены. Некаторыя заплакалі. Да гэтага часу мы засталіся з імі сябрамі, — сказаў палітык.

Нагадаем, беларускія сілавікі заяўлялі летась, што расейцы з групы «Вагнера», якіх затрымалі пад Мінскам паводле падазрэння ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, могуць быць баевікамі, нібыта звязанымі з Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0