Валадарскі

Валадарскі

Бадай, у кожнага чалавека, у гонар якога названа мінская вуліца, ёсць сваё імя. «Наша Ніва» ўжо расказвала пра франтавога лётчыка Акрэсціна, на першым завулку якога стаіць ізалятар часовага ўтрымання. Яго клікалі Барысам.

А вось у Валадарскага імя няма.

Чаму?

Гэта псеўданім, які выкарыстоўваў Майсей Маркавіч Гальдштэйн. Свае тэксты ён пісаў пад псеўданімам «В. Валадарскі» без расшыфроўкі, хоць у асобных даследаваннях яго беспадстаўна называюць Уладзімірам.

Валадарскі нарадзіўся на Валыні (сучасная Хмяльніцкая вобласць ва Украіне) у сям'і рамесніка. Падлеткам далучыўся да рэвалюцыі 1905 года — спачатку ў якасці сябра Бунда (яўрэйскай сацыялістычнай партыі), потым далучыўся да сацыял-дэмакратаў. Ён складаў і друкаваў нелегальныя заклікі, арганізоўваў мітынгі. Два гады знаходзіўся ў ссылцы ў Архангельскай губерніі на поўначы Расіі. Але ў 1913-м святкавалася 300-годдзе дынастыі Раманавых, і яго вызвалілі праз амністыю.

Валадарскі з’ехаў у ЗША. Падчас Першай сусветнай вайны выдаваў газету «Новый Мир» разам з Троцкім і Бухарыным, якія ў будучыні сталі супернікамі Сталіна ў барацьбе за ўладу.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі вярнуўся ў Расію і толькі тады далучыўся да бальшавікоў.

Валадарскі актыўна ўдзельнічаў у Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1918-м стаў камісарам друку, прапаганды і агітацыі ў Савеце камунаў Паўночнай вобласці. Яе цэнтр знаходзіўся ў Петраградзе, туды ўваходзілі Наўгародчына, Пскоўшчына, Архангельшчына і іншыя тэрыторый на паўночным захадзе сучаснай Расіі. Валадарскі лічыўся надзвычай таленавітым аратарам, хай сабе і мясцовага значэння.

Але свае здольнасці ён накіраваў на барацьбу з канкурэнтамі. Пры ім адна за адной закрываліся газеты, што стаялі на антыбальшавіцкіх пазіцыях. Ліквідацыю адной з іх Валадарскі аргументаваў так:

«Людзі, якія акапаліся ў гэтай газеце, пад выглядам абдруковак распаўсюджвалі хлуслівыя, правакацыйныя чуткі, рыхтавалі ўдар у спіну Кастрычніцкай рэвалюцыі».

Тыпаграфіі і банкаўскія рахункі гэтых выданняў канфіскоўваліся на карысць бальшавікоў.

20 чэрвеня 1918 года Валадарскага забілі.

Агітатар накіроўваўся на чарговы мітынг на адзін з заводаў. Калі да пункта прызначэння заставалася каля 150 метраў, машына спынілася: скончыўся бензін. Бальшавік адправіўся пешшу, але па дарозе яго сустрэў забойца — рабочы Мікіта Сяргееў, які даўно яго чакаў.

Цікава, што забойца змог збегчы — Сяргееў кінуў гранату, якая спыніла пераследнікаў. Яго так і не знайшлі.

Валадарскаму было ўсяго 26 гадоў. Забойства так і засталося нераскрытым. Бальшавікі абвінавацілі ў ім сваіх канкурэнтаў з партыі эсэраў. Адпаведныя паказанні пазней даў Рыгор Сямёнаў, кіраўнік баявой групы гэтай партыі. Хоць самі эсэры катэгарычна адмаўлялі сваю датычнасць.

Валадарскага ўрачыста пахавалі на Марсавым полі. Падчас жалобнага мітынгу аратары патрабавалі адпомсціць. Неўзабаве Уладзімір Ленін напісаў аднаму са сваіх паплечнікаў:

«Толькі сёння мы пачулі ў ЦК, што ў Піцеры працоўныя жадалі адказаць на забойства Валадарскага масавым тэрорам, а калі да справы, тармазім рэвалюцыйную ініцыятыву мас, цалкам правільную. Гэта не-маг-чы-ма!»

Непасрэдна забойцаў так і не пакаралі. Сяргееў знік, Сямёнаў перайшоў на бок бальшавікоў і служыў у спецслужбах. Гэта прымушае сумнявацца ў яго паказаннях. Да таго ж жанчына, якая ехала разам з Валадарскім, апазнала ў нападніку іншага чалавека, Пятра Юргенса. Той нібыта дамовіўся з кіроўцам Валадарскага, каб ён спыніў машыны ў патрэбным месцы. Юргенса расстралялі, таму гэтая нітка расследавання была страчаная.

Валадарскі

Валадарскі

У любым разе фактам забойства бальшавікі скарысталіся напоўніцу. Праз тыдзень быў забіты камісар аднаго з ваенных акругаў, тым жа летам застрэлілі старшыню Петраградскага ЧК (папярэдніца КДБ) Урыцкага, адбыўся замах на Леніна. У адказ бальшавікі аб’явілі «чырвоны тэрор». У першы ж дзень пасля забойства Урыцкага ў Петраградзе расстралялі 900 чалавек.

У гонар Валадарскага назвалі аб’екты па ўсім Савецкім Саюзе. У тым ліку, у Мінску: у 1922-м так стала называцца Серпухаўская вуліца. Дагэтуль яна мела назву Турэмная, бо на ёй знаходзіўся Пішчалаўскі замак. Цяпер жа ён называецца ў народзе «Валадаркай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0