Выглядае, што ўсё гэта — працяг гісторыі з банкруцтвам чыжоўскага «Трайпла». Патрабаванні банка звязаныя з паручальніцтвам за іншую кампанію «Прастора» — «Прастор-Трэйд». 

Гэтая кампанія ўжо фігуравала ў непрыемнай гісторыі з Arena City на праспекце Пераможцаў. Сэнс схемы быў такі: ва ўласніка маёмасці — Белаграпрамбанка, якому памяшканне ў сувязі з крызісам перайшло па дамове зваротнага лізінгу, — кампанія «Прастор-Трэйд» брала ў лізінг памяшканне крамы і пераздавала яго іншаму «Прастору» — «Прастормаркету», які плаціў або менш, або з доўгай адтэрміноўкай, у выніку чаго даччыная кампанія заганялася ў даўгі перад лізінгавай.

У выніку Эканамічны суд Мінска прызнаў нікчэмнай такую дамову арэнды, цяпер там іншая крама. 

Выглядае, што гісторыя паўтараецца. Цяпер асноўная юрыдычная асоба «Прастора» называецца «Прасторрытэйл». 

Але абавязкі даччынай кампаніі, якія не могуць быць пагашаныя, складаюць 37 мільёнаў 871 тысячу рублёў. Сума актываў, якія мае кампанія — 22 мільёны 918 тысяч рублёў. 

Выглядае, што ў гэтай суме павінна быць нерухомасць. Але якая дакладна — пакуль невядома. 

«Пакуль магу сказаць толькі тое, што праводзіцца работа, скіраваная на пошук маёмасці кампаніі», — сцісла сказалі «Нашай Ніве» ва ўпраўляючай справы аб банкруцтве кампаніі «Камільорэ». 

Атрымаць каментарый у «Прастора» не атрымалася. Сын Юрыя Чыжа, Сяргей сказаў, што «яго гэтае пытанне больш не асабліва хвалюе». 

Згодна з працэдурай, цяпер наяўныя актывы павінны быць ідэнтыфікаваны і перададзеныя банку. 

Як нам вядома, крамы «Прастора» адна за адной мяняюць вывескі і знаходзяць новых уладальнікаў — так, замест ProStore ў ГЦ «Горка Дом» на Каменнай Горцы ўжо восенню будзе працаваць «Карона». ProStore не мог гасіць свой доўг перад банкамі. 

«У ProStore была вялікая крэдытная нагрузка, шмат будоўляў, не вельмі добрыя аператыўныя паказчыкі, перакрыжаваныя субсідыярныя адказнасці, агульныя заклады, да таго ж невядома, у якіх памерах грошы сыходзілі на фінансаванне іншых праектаў «Трайпла», вынік заканамерны», — кажа аналітык з гандлёвых колаў. 

Агулам у рытэйле складваецца бязрадасная сітуацыя: вядома пра закрыццё некаторых сетак («Домашний», Biggz), а таксама складаную сітуацыю ў «Віталюра» і «Еўраопта». 

Чытайце таксама: «Віталюр» рызыкуе паўтарыць лёс «Домашнего»? Пастаўшчыкі падаюць на кампанію ў суд

Чытайце таксама: Страты 126 мільёнаў, у бізнэс-колах кажуць пра магчымы продаж расійскаму «Магніту». Што адбываецца з Еўраоптам?

Крыніцы «Нашай Нівы» ў рытэйле лічаць, што галіна сутыкнулася з сур'ёзным крызісам. 

«Многія аптавікі нейкі час таму палічылі, што калі яны добрыя ў опце, то яны будуць крутымі і ў розніцы, пачалі ўлазіць у будоўлі. 

У выніку апроч яснага маркетынгу (у «Еўраопта» танныя прадукты, у «Кароны» — дарагія), з'явілася шмат іншых гульцоў без уцямнай стратэгіі, якія думалі, што дастаткова будзе проста паставіць аптовы тавар на паліцы. 

І гэта працавала роўна да таго часу, як рынак пачаў сціскацца ў сувязі з палітычным і эканамічным крызісам. Бізнэс зразумеў, што крэдыты трэба аддаваць, але няма чым — людзі сталі менш купляць. У мяне песімістычны прагноз адносна будучыні галіны, колькасць удзельнікаў рынку моцна скароціцца», — кажа аналітык. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?