Фота ТАСС

Фота ТАСС

Фёдар Лук’янаў — галоўны рэдактар часопіса «Расія ў глабальнай палітыцы», а таксама старшыня Прэзідыуму Рады па знешняй і абароннай палітыцы Расіі з 2012 года. Аналітык дзеліцца разважаннямі наконт магчымай развязкі адносін Расіі і Беларусі.

Праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў сітуацыя ў Беларусі зайшла ў тупік. Хоць мінулай восенню сыход Лукашэнкі падаваўся відавочным, беларускай апазіцыі да гэтага часу не ўдалося дамагчыся канчатковай мэты. Гэта тлумачыцца шэрагам прычын, сярод якіх узмацненне рэпрэсій і лаяльнасць сілавікоў рэжыму, падтрымка Расіі і адносна слабая рэакцыя Захаду.

Аднак захаванне ўлады Лукашэнкам не азначае канец палітычнага крызісу ў краіне. Напружанасць у грамадстве нікуды не падзелася, і як бы Лукашэнка не імкнуўся «перагарнуць старонку», няма сэнсу рабіць выгляд, што нічога не змянілася. Не першы раз Захад не прызнае вынікі выбараў у Беларусі, але цяперашні крызіс не параўнаць з папярэднімі паслявыбарчымі перыядамі, бо рэжым не можа прапанаваць грамадству ніякіх перспектыў на будучыню.

Заходні накірунак для Лукашэнкі закрыты, а Расія не можа бясконца гуляцца ў перамовы аб інтэграцыі, бо Маскве ўжо патрэбны вынік. На думку аналітыка, рэсурсаў для самастойнага развіцця ў Беларусі ніколі не было. Таму «вобраз будучыні» беларусаў зводзіцца да вобраза нязменнага прэзідэнта, які клянецца ніколі не аддаць уладу «мярзотнікам».

Лук’янаў лічыць, што заходнія санкцыі толькі ўзмацняюць залежнасць Беларусі ад Расійскай Федэрацыі, а дзейнасць апазіцыі за мяжой слаба ўплывае на сітуацыю ўнутры краіны, на якім бы ўзроўні ні прымалі Ціханоўскую ў Еўропе і ЗША. Ёсць меркаванні, што доўга так працягвацца не можа, і канец рэжыму хутка надыдзе. Але вопыт паказвае, што канец надыходзіць хутка там, дзе кіраўніцтва не здольна ісці на самыя жорсткія меры.

А рашучасць захаваць уладу Лукашэнка дэманстраваў ужо некалькі разоў гучнымі міжнароднымі скандаламі, такімі як прымусовая пасадка самалёта з Пратасевічам ці арганізацыя міграцыйнага крызісу ў Літве. Таму

на Захадзе могуць працягваць захапляцца пераўтварэннем Ціханоўскай з дамашняй гаспадыні ў палітычную лідарку, але гэта ўсяго толькі белетрыстыка, сцвярджае аўтар. Да таго часу, пакуль Масква па нейкіх прычынах не адмовіць у падтрымцы рэжыму.

Але такі сцэнар цяжка ўявіць, бо Беларусь важная Расіі з пункту гледжання бяспекі. Аднак Расія таксама знаходзіцца «ў патавай пазіцыі». Лукашэнка захаваў уладу ў многім дзякуючы Пуціну. Здавалася, што пытанні Саюзнай дзяржавы будуць вырашацца хутка і пад дыктоўку Масквы. Але перамовы ідуць усё так жа марудна і безвынікова. Гэта падаецца яшчэ больш дзіўным, калі ўлічваць, што ступень эканамічнай залежнасці Беларусі ад Расіі пасля леташніх выбараў вырасла яшчэ больш, разважае аналітык.

У Расіі ўсё часцей гучаць раздражнёныя каментары наконт гэтага: трэба ці вымусіць Лукашэнку згаджацца на ўмовы Масквы, ці забяспечыць выгадны транзіт улады. Аднак Лукашэнка ўсведамляе, што Расія так жа залежыць ад яго, бо ў выпадку няштатнай палітычнай сітуацыі, улада ў Мінску можа змяніцца не самым спрыяльным для Расіі чынам. Як паказвае досвед, рыхтаваць лаяльныя эліты ў іншых краінах Расіі ніколі не ўдавалася. Калі ўлада і змянялася ў паспяховым для Масквы накірунку, то адбывалася гэта дзякуючы аб’ектыўным абставінам, а не расійскаму ўплыву.

Яшчэ адзін варыянт, які часта гучыць, — эканамічны аншлюс, для якога ёсць спрыяльныя перадумовы. Але вопыт іншых краін паказвае, што цесная эканамічная сувязь — не гарантыя палітычнай лаяльнасці.

Аналітык мяркуе, што гарантыю лаяльнасці забяспечвае ваенная прысутнасць. Наяўнасць дзеючых узброеных сіл і гатоўнасць іх прымяняць — важны інструмент расійскага пазіцыянавання ў свеце. Прыклад рэальнага ўплыву Расіі звязаныя з тымі кропкамі, дзе размешчаныя яе ваенныя базы — ад Кіргізіі і Таджыкістана да Арменіі і Сірыі.

Асабліва паказальны армянскі выпадак. Той факт, што Арменія залежала ад Масквы ў сферы нацыянальнай бяспекі, дазваляў Расіі цярпіма ставіцца да ўнутрыпалітычных спраў Арменіі.

Летась Беларусь часта параўноўвалі з Арменіяй. Апазіцыя спрабавала зразумець, як запэўніць Маскву, што Беларусь без Лукашэнкі не спыніць сувязь з Расіяй, бо ў гэтым няма ні патрэбы, ні выгады. Аднак не існуе такіх абставін, якія б успрымаліся Масквой дастаткова пераканальнымі ў гэтым. І справа не ў палітычных лідарах, а ў агульнай міжнароднай атмасферы, у якой верыць чамусьці складана.

Адрозненне Беларусі ад Арменіі якраз у адсутнасці расійскай ваеннай прысутнасці. За гады кіравання Лукашэнкі гэта тэма ўздымалася ім не раз, але ўсё засталося на словах.

Расіі варта было б актыўна падтрымліваць ідэю размяшчэння ваеннай базы ў Беларусі — не для аховы ад НАТА, а з мэтай прывесці адносіны з Мінскам у зразумелую і стабільную форму,

мяркуе аналітык. І, магчыма, Расіі б не было справы да таго, хто кіруе ў Беларусі. Галоўнае, каб лідары разумелі, што правядзенне антырасійскай палітыкі прывядзе да адпаведнай рэакцыі, у тым ліку сілавога характару. Як правіла, да такога не даходзіць, бо сама наяўнасць значнага кантынгенты настройвае на канструктыўны лад.

Задаваць межы для знешняй палітыкі важнага суседа і пры гэтым не ўмешвацца ва ўнутраныя справы і прымаць яго разуменне дэмакратыі — някепская альтэрнатыва інтэграцыі ці аб’яднанню. Да гэтага фармату ўжо блізкая Арменія.

Гэта пацвярджае, чаму кіраўнікі расійскіх сілавых і палітычных структур так ахвотна падтрымліваюць рыторыку Лукашэнкі пра бясконцых знешніх ворагаў. Чым іх больш, тым больш актуальная тэма расійскай ваеннай дапамогі. І тым бліжэй магчымасць выйсці з патавай пазіцыі, ад якой стаміліся ўсе бакі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?