«Наша Ніва» звязалася з неабыякавай жанчынай, каб высветліць, чым скончылася гісторыя.

Так зварот зафіксаваны ў базе, якую апублікавалі «кіберпартызаны»: «У 13:30 заяўніца пачула ад трэціх асоб, што ўнук паедзе з горада Полацк у Мінск, таму што там у 19:00 (дзе менавіта — невядома) будзе мітынг супраць выбараў і Лукашэнкі».

Дбайнай бабуляй апынулася Валянціна Я. з Магілёва (даныя, якія далі пра яе «кіберпартызаны», аказаліся праўдзівымі). Ëй восьмы дзясятак. У свой час працавала ў мясцовай гасцініцы, муж быў вайскоўцам. 

Як расказала нам жанчына, падчас званка ў міліцыю яна прасіла не за свайго ўнука (той жыве ў Магілёве, як і яна, і з ім яны палітыку не абмяркоўваюць), а за ўнука сваёй прыяцелькі.

«Яна мне не сяброўка, проста знаёмая, з якой бачыліся. І падчас адной з сустрэч на вуліцы яна падзялілася са мной горам сваім — відаць, больш не было з кім. Расказала, што ўнук збіраецца з Полацка ехаць у Мінск на мітынг. Перажывала, што нешта здарыцца. Ëн жа малады, студэнт яшчэ, мала ці што. Вось я і вырашыла чалавеку дапамагчы. У мяне сэрца за іх разбалелася! Я не казала той жанчыне, што буду нешта рабіць, проста сама набрала ў міліцыю, папрасіла дапамагчы».

Якім чынам павінны былі дапамагчы міліцыянеры, Валянціна патлумачыць не змагла. Не ведае яна таксама, як у выніку склаўся лёс той знаёмай і яе ўнука: ці «ўсцераглі» яго ад мітынгаў альбо не.

Сілавікі 10 жніўня

Сілавікі 10 жніўня

«Але я неяк бачыла яе зноў. Яна казала, што ў іх усё добра», — дадае суразмоўца.

Жанчына таксама расказала, што асабіста бачыла Лукашэнку. У 1997 годзе пасля забойства ў пад’ездзе ўласнага дома паплечніка Лукашэнкі, дэпутата і старшыні Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці Яўгена Мікалуцкага і ранення яго жонкі Лукашэнка прыязджаў на пахаванне таварыша і спыняўся акурат у гасцініцы, дзе працавала Валянціна. Лукашэнка ў той час звязваў забойства Мікалуцкага з ціскам на яго. 

«Злачынцы доўга падбіраліся да прэзідэнта — не атрымалася. Вырашылі пачаць з людзей, якія былі побач з ім, якія заўсёды выконвалі яго волю. Я разумею, што гэта выклік. Ён кінуты. Тут, на магілёўскай зямлі, хачу гэтай нечысці абвясціць, што прымаю яе выклік», — цытавала яго газета «Рэспубліка».

Тады траіх жыхароў Магілёва — Віктара Янчэўскага, Анатоля Гаўрылава і Рамана Радзікоўскага — абвінавацілі ў арганізацыі забойства Мікалуцкага. Чацвёрты абвінавачаны — былы супрацоўнік КДБ Валер Ткачоў — да суда не дажыў: па афіцыйнай версіі, наклаў на сябе рукі ў камеры. Заказчык тэракта, як лічыцца, не знойдзены і па сёння.

«Ëн мне такім спакойным, добрым тады паказаўся, — згадвае тыя часы Валянціна. — Люблю я Лукашэнку — няма тут чаго і дадаць. І апошні яго выступ глядзела 9-га жніўня: восем з паловай гадзін вытрымаць! Я апладзіравала!» 

Адзначым, што Міністэрства ўнутраных спраў ніяк не каментуе сітуацыю з узломам баз даных. Між тым, «кіберпартызаны» заяўляюць, што маюць доступ не толькі да персанальных звестак сілавікоў, а да базы з пашпартнымі данымі ўсіх грамадзян краіны. Заявы пра тое, што заведзена крымінальная справа, пакуль не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0