Ямаец Хансл Парчмент выйграў золата Алімпіяды ў спаборніцтвах па бегу на 110 метраў з бар’ерамі. Але перад гэтым усё пайшло не паводле плана — спартовец ледзьве не спазніўся на паўфінальны забег, бо сеў не на той аўтобус і прыехаў на комплекс для спаборніцтваў па веславанні.

Парчмент апублікаваў у Instagram відэа, дзе патлумачыў, што ў той самы момант адчуў сябе бездапаможным і амаль не спадзяваўся паспець на стадыён да пачатку забегу. Але потым ён пабачыў валанцёрку і пачаў упрошваць яе дапамагчы, бо ведаў, што валанцёрам не надта шмат дазваляецца ў камунікацыі з спартоўцамі, піша Sky News.

Дзяўчына дала Парчменту трохі грошай, каб ён здолеў даехаць да стадыёна на таксі. Дзякуючы гэтаму атлет трапіў на стадыён і меў дастаткова часу на размінку і на сам удзел у спаборніцтве.

Пасля таго, як ямаец заваяваў алімпійскае золата, ён вырашыў паўтарыць маршрут таго дня, каб знайсці тую самую валанцёрку і паказаць ёй медаль, які б не быў атрыманы без яе дапамогі. Таксама Парчмент падарыў дзяўчыне, якую клічуць Трыяна, футболку з алімпійскага камплекта ямайскай зборнай, і вярнуў ёй грошы за тое самае таксі. Як перадаюць ямайскія медыя, міністр турызму вострава таксама вырашыў падзякаваць Трыяне і прапанаваў ёй бясплатную паездку на Ямайку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0