Міністр транспарту Літвы Марыус Скуодзіс заявіў, што са снежня гэтага года Літва спыніць транзіт беларускіх калійных угнаенняў. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка сёння заявіў, што да снежня знойдуць альтэрнатыўныя рашэнні гэтага пытання.

— Па нашых падліках, калі Літва прыме такое рашэнне самастойна, то, вядома, яна панясе страты. Каля 100 мільёнаў еўра выручкі ад перавозкі беларускіх грузаў, — заявіў Раман Галоўчанка. — Але тым не менш ёсць альтэрнатывы. Мы цяпер знаходзімся ў кантакце з іншымі партнёрамі.

Эканаміст Яраслаў Раманчук не падзяляе аптымізму прэм’ер-міністра і кажа, што за паўгода знайсці альтэрнатыўныя порты немагчыма:

«Свабодных магутнасцяў у іншых партах няма. Грошай на пошук новых маршрутаў няма і наўрад ці будуць».

Гэта, па словах Раманчука, прывядзе да таго, што «Беларуськалій» не зможа выканаць свае абавязкі па кантрактах.

«Ці змогуць расіяне і кітайцы арганізаваць нейкі транспартны шлях для калійных угнаенняў з захаваннем іх кошту? «Беларуськалій» пэўны час дэмпінгаваў на рынку. Цяпер з улікам дастатковых транспартных выдаткаў кошт можа быць вышэйшым, чым у канкурэнтаў. Пытанне: хто тады будзе купляць калій? Гэта можа быць стратна для «Беларуськалія». Або прадпрыемства выб’е ў бюджэце радок для кампенсацыі стратаў. Але тады яно будзе сядзець на шыі ў падаткаплацельшчыкаў».

Чытайце таксама: «Грошай для падтрымкі зарплат бюджэтнікам не будзе». Як спыненне транзіту калію паўплывае на эканоміку

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0