Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Усё больш звестак сведчаць пра тое, што пажылыя людзі, якія вакцынуюцца ад розных захворванняў, напрыклад, ад слупняку ці грыпу, значна радзей пакутуюць ад хваробы Альцгеймера. Навукоўцы дакладна не могуць патлумачыць, чаму так адбываецца, але многія мяркуюць, што вакцыны выклікаюць імунны адказ, які можа зменшыць запаленне ў мозгу. Якраз запаленне выклікае страту нейронаў і зніжэнне кагнітыўных здольнасцяў, піша The Wall Street Journal. 

Адным з першых доказаў стала канадскае даследаванне 2001 года, у якім узялі ўдзел прыкладна 3600 чалавек, старэйшых за 65. Даследчыкі выявілі, што прышчэпка ад слупняку зніжала рызыку развіцця хваробы Альцгеймера на 59%, ад поліяміэліту — на 40%, а ад грыпу — на 25%. Аднак у даследаванні былі хібы: адрозненні, выяўленыя паміж вакцынаванымі і невакцынаванымі групамі, маглі быць вынікам іншых фактараў. Напрыклад, некаторыя вакцынаваныя людзі маглі не хварэць на дыябет, які павышае рызыку развіцця хваробы Альцгеймера.

Аднак у больш позніх даследаваннях улічваліся такія фактары, і навукоўцы ўсё роўна выявілі значную сувязь паміж вакцынамі і хваробай Альцгеймера.

У красавіку ў даследчым артыкуле, апублікаваным у Journals of Gerontology, разглядалася сувязь паміж хваробай Альцгеймера і вакцынай АКДС (камбінаваная прышчэпка супраць трох захворванняў: дыфтэрыі, коклюшу і слупняку). Навукоўцы ўлічвалі стан здароўя, выкарыстанне медыцынскіх паслуг і лекі, якія прымаюць пацыенты. У выніку даследчыкі прыйшлі да высновы, што вакцынаваныя людзі мелі на 42% ніжэйшую рызыку развіцця дэменцыі, чым тыя, хто прышчэпку не рабіў.

Летась было праведзена даследаванне Нацыянальным інстытутам сэрца, лёгкіх і крыві ЗША, у якім узялі ўдзел 5000 чалавек, старэйшых за 65. Навукоўцы выявілі, што вакцына ад пнеўманіі ва ўзросце ад 65 да 75 гадоў зніжала рызыку развіцця хваробы Альцгеймера на 25-30% з улікам розных фактараў.

Аднак даследаванне не выявіла станоўчага эфекту ад прышчэпкі супраць грыпу, але гэта можа залежыць ад частаты вакцынацыі. Прышчэпка супраць грыпу выклікае слабейшы імунны адказ, чым іншыя вакцыны, таму, верагодна, для дасягнення станоўчага эфекту неабходныя паўторныя вакцынацыі.

Тое, што вакцыны зніжаюць рызыку развіцця хваробы Альцгеймера, пакуль толькі тэорыя, але гэту тэорыю ўжо пацвярджаюць шматлікія даследаванні. Невядома, ці змогуць вакцыны ад кавіду мець такі ж уплыў на пажылых людзей, але ўсе прышчэпкі супраць каранавіруса выклікаюць моцны імунны адказ. Таму нельга выключаць, што праз некалькі гадоў, колькасць людзей з хваробай Альцгеймера значна зменшыцца дзякуючы вакцынам супраць каранавіруса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0