Ацэнку ваенных стратаў правялі ў рамках крымінальнай справы па факце генацыду супраць беларускага народу, якую Генпракуратура пачала ў красавіку. Паводле Шведа, мінімальную суму вызначылі на падставе дакументаў Нюрнбергскага трыбуналу. Вынікі следства генпракурор Швед абяцае апублікаваць для ведама міжнароднай супольнасці, а адказным будзе выстаўлены рахунак стратаў.

Радыё Свабода разам з нямецкім гісторыкам Канстанціна Гошлерам разабралася, якія шанцы ва ўладаў Беларусі атрымаць ад Берліна кампенсацыю за вайну.

Доктар Гошлер узначальвае кафедру сучаснай гісторыі ў Рурскім універсітэце ў Бохуме. Нямецкімі кампенсацыямі ахвярам вайны ён займаецца прафесійна. Аўтар кнігі «Віна і доўг» аб гісторыі рэпарацый Нямеччыны пасля 1945 года. З 2007-га па 2011 год узначальваў міжнародны даследчы праект аб гісторыі кампенсацыі прымусовай працы фондам «Памяць, адказнасць і будучыня».

Канстанцін Гошлер

Канстанцін Гошлер

Як гісторыкі ў Нямеччыне ацэньваюць ініцыятыву беларускага боку?

«На мой погляд, гэта інструменталізацыя гісторыі Другой сусветнай вайны і, бясспрэчна, велізарных пакут, нанесеных нямецкай акупацыяй Беларусі ў перыяд з 1941-га па 1944 год. Сувязь відавочная: спроба Аляксандра Лукашэнкі забяспечыць маральную процівагу дзейным санкцыям ЕС, адначасова націснуўшы на іншы неўралгічны момант, накіраваўшы ўцекачоў у Літву і Латвію».

Як нямецкі гісторык ацэньвае лічбу ў 500 млрд даляраў, агучаную генеральным пракурорам? 

«Гэта сімвалічная лічба, якая павінна абазначаць непамерную шкоду. У нейкім сэнсе гэта таксама праўда: як можна ацаніць цану чалавечага жыцця? Але калі справа даходзіць да падліку маёмаснай шкоды, узнікаюць велізарныя праблемы: на якой падставе варта ацэньваць кошт? І працяглы перыяд часу, які прайшоў пасля вайны, таксама робіць такія разлікі надзвычай цяжкімі, так што лічбы могуць быць сфармаваныя па-рознаму ў залежнасці ад інтарэсаў. У любым выпадку, у выніку атрымліваецца палітычна матываваная лічбавая гульня і ўзнікае рэальнае пытанне: які сэнс могуць мець такія вылічэнні сёння?»

Колькі рэпарацый выплаціла Нямеччына Савецкаму Саюзу пасля вайны? 

«Паводле афіцыйных савецкіх дадзеных, да 1953 года ГДР выплаціла Савецкаму Саюзу каля 4,3 мільярда даваенных даляраў рэпарацый. Агульныя рэпарацыі ацэньваюцца прыкладна ў 16 мільярдаў даваенных даляраў, што было велізарным цяжарам для Усходняй Нямеччыны.

Ці былі выпадкі пасля распаду СССР, каб нейкія краіны звярталіся да Германіі па кампенсацыю?

«Адзіны выпадак (калі казаць пра постсавецкую прастору і не мець на ўвазе дзяржавы — спадкаемцы Савецкага Саюза) — гэта Польшча, дзе рэпарацыйныя прэтэнзіі таксама прадʼяўляліся Нямеччыне з 2017 года. Гэта, пэўна, таксама натхніла Беларусь на патрабаванні. Паколькі патрабаванні Польшчы былі распрацаваныя з аналагічнай палітычнай матывацыяй: тут таксама было і ёсць маральна-палітычнае контрнаступленне супраць ФРГ і, такім чынам, таксама, прынамсі ўскосна, супраць ЕС.

Існуе міжнародны ці нямецкі закон, паводле якога Нямеччына дагэтуль абавязаная плаціць кампенсацыі за II сусветную вайну?

«Пасля дамовы «Два плюс чатыры», якую ФРГ і ГДР заключылі ў 1990 годзе з чатырма былымі дзяржавамі-пераможцамі ў Другой сусветнай вайне, пытанне аб рэпарацыях у прынцыпе закрытае. Тым не менш усё яшчэ існуюць рознагалоссі адносна таго, наколькі гэтая міжнародна-прававая мяжа цяпер стабільная ці не. Пры гэтым, аднак, варта мець на ўвазе, што гістарычна гэта хутчэй выключэнне, чым правіла, што ваенны ўрон цалкам кампенсуецца ў выглядзе рэпарацый. Як правіла, гэта працуе толькі ў тым выпадку, калі агрэсар прайграе вайну, што не заўсёды так. Такім чынам, ваенныя рэпарацыі па сутнасці заснаваныя на праве пераможцы браць тое, што яму падабаецца ці што ён лічыць разумным.

Міжнароднае права працуе інакш, чым грамадзянскі суд, дзе вы можаце падаць у суд на свайго суседа за тое, што ён разбурыў ваш сад бульдозерам: не існуе агульнапрызнанай вышэйшай улады, якой пасля вайны павінны падпарадкоўвацца і пераможцы, і пераможаныя. Такім чынам, кампенсацыя шкоды заўсёды выбарачная і залежыць ад канкрэтных палітычных абставінаў. З другога боку, агульнага патрабавання аб кампенсацыі за ўсю шкоду, нанесеную вайной, яшчэ не было ў гісторыі».

Ці ёсць хоць мінімальная імавернасць, што ўлады Беларусі атрымаюць ад Нямеччыны кампенсацыю за ваенныя страты?

«Я ў гэта не веру і, шчыра кажучы, не думаю, што нават Лукашэнка верыць у гэта. Гэта перш за ўсё прапагандысцкі ход, скіраваны на тое, каб выйсці з абарончай унутранай і знешняй палітыкі. Такім чынам ён можа абвясціць Нямеччыну важнай краінай ЕС. І ў той жа час ён можа прадставіць сябе свайму народу як абаронцу яго інтарэсаў і паспрабаваць стварыць групу, заснаваную на агульнай ідэнтычнасці ахвяры, супраць вонкавага ворага. І для гэтага дастаткова гістарычных мадэляў». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0