Афганістан — адна з найбяднейшых краін свету. Але ў 2010 годзе амерыканскія ваенныя і геолагі высветлілі, што гэтая краіна валодае радовішчамі карысных выкапняў коштам прыкладна ў трыльён даляраў, піша CNN.

Перш за ўсё, размова пра жалеза, медзь і золата. Але ў Афганістане багата і так званых рэдказямельных металаў, і, хутчэй за ўсё, там знаходзіцца адно з найвялікшых у свеце нявыкарыстаных радовішчаў ліцію. Гэта важны кампанент акумулятарных батарэй і іншых тэхналогій, неабходных для барацьбы з экалагічным крызісам, але пры гэтым ліцій у прыродзе сустракаецца даволі рэдка.

Раней не атрымлівалася арганізаваць здабычы каштоўных мінералаў, бо гэтаму перашкаджалі праблемы з бяспекай, недахоп інфраструктуры і моцныя засухі. Наўрад ці сітуацыя неяк зменіцца з прыходам Талібана, але цікавасць да радовішчаў праяўляюць іншыя краіны. Сярод іх Кітай, Пакістан і Індыя.

Зараз галіна здабычы мінералаў у Афганістане прыносіць кожны год толькі мільярд даляраў. Пры гэтым 30-40% прыбытку не трапляе ў эканоміку краіны праз карупцыю і дзейнасць афганскіх ваенных камандзіраў, якія кантралююць частку радовішчаў.

Ёсць верагоднасць, што Талібан скарыстаецца сваёй атрыманай уладай, каб развіваць сектар горнай здабычы. Але, хутчэй за ўсё, талібы зараз звярнуць увагу на пытанні бяспекі і барацьбы з гуманітарным крызісам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0