Сярод больш як 2700 беларусаў, якія папалі пад крымінальны палітычны пераслед пасля 2020 года, ёсць і нашаніўцы. Журналісты Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко працягваюць знаходзіцца на Валадарцы па абвінавачваннях, якія праваабаронцы лічаць палітычна матываванымі. Нашы калегі прызнаныя палітвязнямі. Нават у турме яны працягваюць пісаць. Так, Андрэй Скурко стварыў цыкл дзіцячых вершаў, ён дасылае іх свайму паўтарагадоваму сыну.

Пакуль зняволены не асуджаны, бандэролі і грашовыя пераводы яму можа рабіць любы чалавек. Іх колькасць не абмежаваная.

Атрыманыя грошы вязні трацяць на закуп прадуктаў у турэмнай краме, што дазваляе рабіць рацыён больш збалансаваным (чай, цукар, нерафінаваны алей і г.д.) і ашчаджае грошы сям’і. Акрамя таго, яны за іх могуць купляць канверты, аплачваць падпіску на выданні.

Грашовыя пераводы праз інтэрнэт-банкінг можна рабіць ва ўсе ўстановы, акрамя СІЗА-1 Мінска. (Тут падрабязна распісана, як пасылаць грошы праз банкінг.)

У СІЗА-1 (Валадарка) і ва ўсе іншыя ўстановы можна рабіць паштовыя пераводы на кожным аддзяленні пошты.

Для гэтага трэба проста пазначыць імя, імя па бацьку і прозвішча палітвязня, а таксама адрас установы. У нашаніўцаў гэта:

Марціновіч Ягор Аляксандравіч

Скурко Андрэй Генадзевіч

СІЗА-1, Мінск, вул. Валадарскага 2, 220030

Бланкі паштовых грашовых пераводаў ёсць на поштах. За перавод невялікай сумы бяруць збор 1 рубель. Яшчэ 66 капеек каштуе, калі вы хочаце атрымаць паштовае паведамленне пра залічэнне грошай адрасату. Адрасат бачыць, хто перавёў яму грошы, бо яму паказваюць квітанцыю і даюць распісацца ў ёй.

Пры пераводзе праз інтэрнэт-банкінг збор не плаціцца, але і паведамлення пра ўручэнне вам не прыходзіць. Калі плацеж не праходзіць, грошы вяртаюцца вам на рахунак. Калі не праходзіць паштовы перавод (такое здараецца, калі зняволенага перавялі ў іншую турму), грошы вяртаюцца на ваш адрас.

Калі чалавек ужо асуджаны, то пераводы і бандэролі яму ад няродзічаў перадаюць толькі з дазволу начальніка турмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0