«У Беларусі больш няма часу чакаць»

Адметна, што 76 год таму менавіта ў Нюрнбергу распачаўся судовы працэс над нацысцкімі злачынцамі.

Сённяшняя падзея была патрэбная ў першую чаргу дзеля таго, каб еўрапейскія палітыкі яшчэ раз пачулі ўсе аргументы «за» прыцягненне Лукашэнкі і яго акружэння да міжнароднага суда, адзначалі арганізатары.

І, самае галоўнае, каб гэтыя працэсы былі паскораныя: больш чым 800 палітзняволеных, тысяч адміністрацыйна асуджаных і колькасці забітых пасля выбараў-2020 ужо даўно больш чым дастаткова для таго, каб пакараць тых, хто знаходзіцца за стырном машыны рэпрэсій.

«У Беларусі больш няма часу чакаць. Аляксандр Лукашэнка — тэрарыст і злачынец, якога варта судзіць на падставе нормаў міжнароднага права. Еўрапейцы і беларусы заслугоўваюць, каб Беларусь была вольная», — падкрэсліў спецыяліст па міжнароднаму крымінальнаму праву Томаш Вілінскі.

Адкрывалі канферэнцыю Святлана Ціханоўская, кіраўнік НАУ Павел Латушка, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і член сацыял-дэмакратычнай фракцыі ў гарадской радзе Нюрнберга Дзіяна Ліберава.

«Права — гэта тое, што спыніла сваё дзеянне у Беларусі. Закон ператварыўся ў пустое слова ці ў дадатак рэпрэсій. Як юрыст і дыпламат я перакананы, што прававы ціск — гэта найважнейшы інструмент, які дапаможа Беларусі стаць вольнай. Хачу прывесці словы найвядомага славянскага паэта XIX стагоддзя, што нарадзіўся ў Наваградку ў Беларусі, Адама Міцкевіча: «Каб краіна магла жыць, патрэбна, каб жылі правы», — адзначыў Павел Латушка. Яго каманда пры падтрымцы дыяспары і выступіла арганізатарам канферэнцыі.

Частка ўдзельнікаў прававой канферэнцыі ў Нюрнбергу.

Частка ўдзельнікаў прававой канферэнцыі ў Нюрнбергу.

З дакладамі аб канкрэтных фактах правапарушэнняў і катаванняў у Беларусі выступілі старшыня Беларускага жаночага фонду Вераніка Цапкала, прадстаўнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі Вікторыя Федарава, адвакат, прадстаўнік штаба Ціханоўскай па прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі і іншыя.

Асобным блокам ішлі маналогі-сведчанні катаванняў непасрэдна з вуснаў ахвяр — як беларусаў, так і грамадзян іншых краін. Так, мінчук Мікалай Бандарэнка пацярпеў ад дзеянняў сілавікоў яшчэ ў 2010 годзе: пасля збіцця ў яго моцна пагоршыўся зрок, ён атрымаў першую групу інваліднасці. У 2020 годзе рэпрэсіі закранулі жонку і дачку Мікалая, сям’я была вымушаная з’ехаць з Беларусі.

Мікалай Бандарэнка дэманструе наступствы збіцця сілавікоў у снежні 2010 г.

Мікалай Бандарэнка дэманструе наступствы збіцця сілавікоў у снежні 2010 г.

Што ў выніку?

У выніку ўсіх прэзентаваных фактаў і лічбаў катаванняў і рэпрэсій беларуская дэмакратычная супольнасць чакае канкрэтных крокаў з боку Еўропы. А менавіта: каб праваўжывальныя органы дзяржаў, у якіх знаходзяцца пацярпелыя беларусы, спрыялі завядзенню крымінальных спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі.

Крымінальныя кодэксы многіх дзяржаў дазваляюць узбуджаць крымінальныя справы за злачынствы супраць чалавецтва. Вядома, што так ужо было зроблена, напрыклад, у Літве. Па словах удзельнікаў, патрэбныя крокі і ад іншых дзяржаў, куды сёння з роднай краіны былі вымушаныя бегчы беларусы, пацярпеўшыя ад гвалту.

Таксама ўлады дзяржаў, інтарэсы якіх былі закранутыя інцыдэнтам з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair, павінны ініцыяваць пытанне аб унясенні Аляксандра Лукашэнкі ў спіс тэрарыстаў, адзначалася падчас канферэнцыі.

Злачынствы Лукашэнкі і яго прыхільнікаў мусяць разглядацца міжнародным трыбуналам ad hoc, прычым у прыярытэтным парадку, лічаць яны. Як мінімум, дэпутат Еўрапарламента ад Літвы Пятрас Аўштравічус на канферэнцыі заявіў: «Угон самалёта — гэта акт тэрарызму. У большасці дэпутатаў Еўрапарламента няма ў гэтым сумневаў».

Дадатковым ціскам на рэжым будуць новыя эканамічныя санкцыі і далейшае непрызнанне Лукашэнкі ў якасці дзейнага прэзідэнта Беларусі, а таксама членаў яго ўрада. Прапанова ў тым, каб ніхто з іх не меў ні юрыдычнага, ні маральнага права прадстаўляць інтарэсы беларускага народа на міжнароднай арэне.

Ці здзейсніцца ўсё гэта, цяпер залежыць ад таго, наколькі кожная асобная краіна ды еўрапейская супольнасць разам, пойдуць на дадзеныя крокі. Павел Латушка, у сваю чаргу, адзначыў, што дэмакратычныя сілы будуць выкарыстоўваць усе легальныя магчымасці для прызнання злачынцамі Лукашэнкі і яго памагатых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0