Стала вядома, што пракуроры Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў запрасілі пакаранне палітвязням: для праваабаронцаў Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы — тры гады пазбаўлення волі, Марыі Тарасенка — два з паловай года калоніі. Марыя знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, а Леанід і Таццяна — пад вартай з 18 і 21 студзеня адпаведна. Прысуд будзе абвешчаны суддзёй Сяргеем Салоўскім у хуткім часе.
Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца і Марыя Тарасенка
Леанід Судаленка з-за кратаў распавёў «Вясне», што адбываецца на закрытым судзе.
Усяго па крымінальнай справе было дапытана каля 200 чалавек. Па інфармацыі Леаніда, на судзе быў дапытаны 61 чалавек — у асноўным гэта кліенты, якія звярталіся да праваабаронцы па прававую дапамогу:
«Усе сведкі ў судзе сказалі праўду, і гэта галоўнае. Прыемна чуць, як людзі, якія прыходзяць у суд па позвах, кажуць «дзякуй», звяртаючыся да мяне ў клетку. І гэта нягледзячы на заўвагі суда».





