Прозьвішчы нібы з бронзавых шыльдаў на сьценах грунтоўных камяніцаў у каляніяльным стылі. Не‑не, Борхэс — гэта не для мяне, значна весялейшы Маркес, яго дасьціпныя зацемкі з паездкі па хрушчоўскім СССР‑ы, асабліва сцэна калектыўнага сядзеньня ў грамадзкай прыбіральні са жвавай дыскусіяй у гэты час, а фінальная фраза з «Палкоўніка…»? Першым, зрэшты, лацінаамэрыканскім раманам для мяне стаў «Калі хочацца плакаць, ня плачу», прачытаны у Савецкай арміі. Але найбліжэй мне, ясна, Картасар.

Націскаеш гузік і слухаеш у інтэрнэце інтэрвію Картасара па‑француску, ёсьць пераклад. Ён памёр 25 год таму, а ты слухаеш яго і бачыш і знаходзіш яшчэ болей блізкіх для сябе момантаў. Гутарка датычыць Парыжу, ён любіў начныя праходкі, горад быў іншы, усё ўспрымалася інакш, ён бачыў знакі, рабіў знаходкі, якія дапамагалі пісаць раманы і апавяданьні. Прыпамінаю той яго парыскі раман, дзе пераблытаны часткі, я перарваўся, езьдзіў размаўляць па‑замежнаму, а потым ня здолеў узяцца за яго зноўку, колькі там узгадваюцца каты! Я быў яму ўдзячны, тады майму кату было толькі чатыры гады, нас чакалі яшчэ гады сяброўства… Картасар любіў катоў, нідзе так часта яны не сустракаюцца, як у яго раманах і апавяданьнях. Загаловак «Каты Картасара» у мяне адразу прыдумаўся, мне здавалася, я калісьці напішу пра гэтыя творы, не напісаў.

Перасоўвацца па Парыжу, значыцца прасоўвацца наперад у дачыненьнях з сабою… Вось так цікава ён сказаў некалі. І гэта праўда, частка праўды, скажам. Ён падкрэсьліваў, што словамі гэта распавесьці цяжка. Ён быццам страчаны, ён безуважна шпацыруе, ён нібы бадзяга, разглядае афішы, шыльды, мінакоў, ладзячы сувязі, зь якіх узьнікаюць фрагмэнты думак, пачуцьцяў, паасобныя фразы. Ён кажа пра мясьціны, дзе яму найцікавей, пра адрознасьць часу, пра магічнасьць гораду. Магічнасьць, якая, нават калі існуе аўтаномна, падспудна, не заўважная для большасьці, каторая не шукае яе, не стварае ў сваёй душы, не культывуе, ня дбае асабіста. Як пісаць, як займацца творчасьцю без імкненьня адчуць горад, як смак кавы альбо шыразу, ці хай каньяку? Прыпамінаю: гэты ягоны раман з качаном пад пахай, параўнаньне з галавой, з паўшар’ямі, мне ў гэтым сэнсе бліжэйшая капуста каляровая, першы раз убачыў яе незвычайныя суквецьці ў ГДР, мама вырошчвала на гародзе, ад машкары трэ было вымочваць у салёнай вадзе, хаця, напэўна, каляровая больш нагадвае прыкладам каралы. Вяртаючыся да раману: адчуваньне на адлегласьці ракі, што расьцяла горад, як цясьніна, што курэе смугой, паветра візуальна дэфармуецца ад сьпёкі.

Горад у мяне пад скурай, ці я ў яго? Колькі стаптана абутку, які кілямэтраж? Гадамі і апошнім часам найбольш часта ўглядаюся ў яго, спрабую ім насыціцца, пакаштаваць на зуб нібы манету. Так, менавіта, адчуць яго, уведаць, зразумець, трапіць у сваю талерку. Ты дома і ты пілігрым, турыст адначасова. Узіраешся ўважліва, нават ведаючы, здаецца, наскрозь. Часам у сваіх думках бачыш яго, успрымаеш нібы праз вакно цягніка. Цікавішся ім штодня, штораз, гэта як быць у стане любові, закаханым прасьцей. Бо як інакш гаварыць пра горад на пісьме? Прыслухоўваешся, абмацваеш вачыма, у думках, ацэньваеш, узважваеш, сягаеш у яго, у часавыя глыбіні. Крок па кроку вывучаеш, хапаешся за яго аберуч, перасыпаеш нібы пясок, вышукваючы залацінкі, пэндзлікам ачышчаеш асьцярожна ў спадзяваньні архэалягічных аскепкаў. Учапіцца ў яго нібы ў грыву Пагоні, хай апынемся разам у Баторыя і Вітаўта на баляваньні з нагоды перамогі не над аскомнымі гітлерцамі…

Вазьмі‑вазьмі яго нібы фаліянт на кухоннай лаціне, пачуй галасы вуліцы, корчмаў, пераезду нёманскага. Менавіта, абы дапісваць, белыя плямы аднаўляць, рабіць падрахункі: што захавалася, чаго няма, калі і як страчана, але якія магчымсьці, мае сілы? Ці здольны я ачысьціць муры ад напластаваньняў тынку, фарбы, бруду, хлусьні? Нядрэнна было б паразмаўляць пра ўсё гэта з самім Картасарам, а таксама пра катоў, абавязкова пра іх, я пакажу яму нашых катоў, якіх яшчэ ня ўсіх забілі, хоць і вельмі стараюцца. Ён курэц, значыцца ў кавярню на Віленскай? Хаця якая гэта кавярня, калі нюхаць ня каву, а дым? Тады нам у карчму. Паразмаўляем таксама пра партызанку, пра Чэ Гевару, само сабой. Я прабачуся ў яго: для мяне ён заўжды заставаўся Хуліё, як мы вымаўляць прызвычаіліся, розныя Гуліа — гэта мабыць недарэчнасьць. Калі ён спытае: а Хуліа? Я адкажу: таксама можа быць, калі яму даспадобы. Бадай прызнаюся яшчэ, што некаторыя рэчы мяне часткова расчаравалі. Напрыклад, «Кніга Мануэля», упершыню якую ўбачыў у вітрыне блізка палацу Браніцкіх. Вельмі захацелася тады яе прачытаць. Чытаў потым раман у сябрыне са сваім катом. Для мяне проста выдатна — газэтныя выразкі ў тэксьце, гэта маё, але было расчараваньне, тэма тэрору аргентынскай хунты ў яго ня вельмі ўдала атрымалася.

Скажу яшчэ Картасару, як шпацырую па сваім горадзе, зрэшты, нічога незвычайнага, цяпер сярэдзіна лета, значыцца: толькі ценявым бокам, у праменьні — толькі дробным крокам, трэба не здавацца гарачыні, не падпарадкоўвацца сонцу. Я раскажу яму пра гарадзенскі дождж, пра нашых сфінксаў, але нічога не скажу пра кнігі, якіх яшчэ не напісаў, але хачу напісаць.

Яго вельмі займала легенда пра графіню Баторы, Дракула быў занадта аскомным. Што ж, пакажу яму ў Катэдры гарэльеф Стэфана Баторыя, павяду ў сутарэньне ў замку, дзе па сьмерці караля засталася 51 бочка мад’ярскага віна. І далікатна зацемлю, што Загрэб да Сямігроддзя насамрэч дачыненьня ня мае.

Здымак магілы Картасара: гарызантальная пліта, белы мармур, «1914‑1984», надпісы флямастэрам, алоўкам, чорныя, зьніч чырвоны з жоўтай накрыўкай бляшанай, каменьчыкі, акраец? Колькі катоў было ў Картасара, колькі ён перажыў іх, як звалі апошняга? Каты любілі пісьменьніка, а ён любіў іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?