Ілюстрацыйны здымак
У гэтай аднапакаёвай кватэры пара жыве ўжо некалькі год. Такі скачок цэн за камуналку ўпершыню.
Калі параўнаць жыроўку за верасень са жнівеньскай, бачна, што дадалася графа за ацяпленне і значна вырасла аплата за гарачую ваду. Суму налічылі па тарыфах, якія цалкам забяспечваюць пакрыццё эканамічных затрат (яны ў пяць разоў большыя за субсідзіраваныя, то-бок стандартныя).
Калі за жнівень за падагрэў вады трэба было заплаціць каля 10 рублёў, то цяпер — 47. За ацяпленне выставілі 10 рублёў. Агулам камуналка пацягнула на 88 рублёў (супраць амаль 42 у папярэднім месяцы).
Кватаранты ў шоку:
«Мы здымаем кватэру па дамове, у якой прапісана, што камунальныя плацяжы аплачваем менавіта мы, а не гаспадар. Дамову рэгістравалі ў разлікова-даведачным цэнтры».
Чаму ўзнікла згадка пра дармаедаў? У верасні была абноўлена база незанятых у эканоміцы. Для іх тарыфы на гарачую ваду і ацяплення іншыя.
У гэтым выпадку, праўда, справа была не ў гэтым. Высветлілася, што памёр бацька гаспадара кватэры, які быў у ёй прапісаны. Паколькі ў памяшканні апошнім часам ніхто не быў прапісаны, камунальныя паслугі налічылі па поўных тарыфах.
Што кажа закон: ці могуць кватарантам выставіць «дармаедскую» камуналку?
Кейс, з якім могуць сутыкнуцца тыя, хто арандуе жыллё: што, калі гаспадар кватэры нідзе не працуе? Ці могуць кватарантам налічыць камуналку ў поўным памеры?
Не — пры ўмове, што вы здымаеце памяшканне афіцыйна. Па законе, грамадзяне, які здаюць кватэру і плацяць за гэта падатак, не лічацца незанятымі. А значыць і «дармаедскія» тарыфы для іх прымяняцца не павінны. Дагавор арэнды мусіць быць зарэгістраваны ў разлікова-даведачным цэнтры раёна.
Што рабіць, калі чалавек апынуўся ў базе памылкова? Трэба звярнуцца ў камісію пры выканкаме і пісьмова абгрунтаваць прэтэнзію, прыкласці дакументы, якія пацвярджаюць, што вы падпадаеце пад выключэнні. Суму камуналкі пералічаць, розніцу павінны вярнуць.
Чытайце таксама:
Дармаед я ці не? Разбіраемся, каго прымусяць плаціць за ацяпленне ў пяць разоў больш





