«Але дзе гэта будзе? У тых жа бальніцах, дзе вы заразіцеся «каронай»?
«Я не здзіўлены. Бо мы ж «ненахіляемыя», што трэба перакладаць як «тыя, хто не вучыцца». Нам няважна рэчаіснасць, няважна, што адбываецца, — саркастычна каментуе адзін з суразмоўцаў, сёння ўжо былы работнік адной з беларускіх бальніц. — Бо ў нас ёсць свая пазіцыя, прынятая 1,5 года таму, на яе мы і ціснем. Не трэба масак, не трэба нічога — само пройдзе.
Што тычыцца вяртання да таго, што рабілася падчас першай хвалі, то тут такі момант — мы баімся калапсу сістэмы аховы здароўя.
А якія крытэрыі калапсу? Калі дактарам трэба адмыслова шукаць кісларод, шукаць вольныя ложкі — то ён наступіў.
Можна казаць, што не будзе аказвацца планавая дапамога. Гэта жудасна з пункту гледжання піяру, таму ўсё адкацілі назад, цяпер ужо зноў будзе і планавая дапамога, і аперацыі, і ўсё іншае.
Але дзе гэта будзе? У тых жа бальніцах, дзе вы заразіцеся «каронай»? Гэта складаная тэма, так, некаторыя аперацыі патрабуюць абавязковага ўмяшання ў пэўныя тэрміны. Але ж калі вы можаце перачакаць — перачакайце.
Бо прыязджаюць пацыенты розныя, некаторыя — ужо з «чымсьці». Тое ж тычыцца і дзяцей. Сёння дзеці хварэюць зусім не так як год таму, хварэюць больш, адпаведна разносяць хваробу.
А вось што тычыцца штрафаў за маскі, то гэта можа была не найлепшая ідэя. Бо калі я ўяўляю, што нашым сілавікам дадуць дадатковыя правы і тут, то я супраць. Гэтым людзям нельга дазваляць яшчэ больш.
Ды і справа не ў штрафах. Агітацыю і падрыхтоўку да чарговай хвалі зноў правалілі. І цяпер рабіць рэзкія рухі ўжо позна. Усё страшнае ўжо здарылася.
Калі галоўным па лячэнню кавіду становіцца чалавек, які не мае ніякай спецыяльнай падрыхтоўкі, то пачынаюцца гэтыя заявы.
Праблема не ў тым, колькі ў нас апаратаў ШВЛ — яны не лечаць людзей. Галоўная задача — не дапусціць, каб у бальніцы пачаў паступаць вялікі паток хворых адначасова.
А ў раёнах яшчэ і арганізацыйнае пытанне. Там рэанімацыі маленькія, часам увогуле на шэсць коек. Бяром два населеных пункта, у адным успышка, у другім — няма.
Тады трэба адну бальніцу аддаваць цалкам пад карону, а другую — пад іншых пацыентаў. Каб мінімізаваць кантакты і пацыентаў, і персаналу. І банальна як зручней — вазіць кісларод у дзве бальніцы альбо ў адну? Калі гэтыя рашэнні былі прынятыя раней — тады добра. Калі не — то цяпер позна ўжо.
Што тычыцца беларускай вакцыны, то гэта мне нагадвае Рагозіна і яго планы марсіянскіх базаў. Гэта ўвогуле не варта абмяркоўваць. Бо калі праваленая база — не трэба будаваць пражэкты.
Таму скажу проста: людзям трэба самім берагчы сябе».
«Наконт беларускай вакцыны — пакуль няма вакцыны, няма пра што і казаць»
Другі медык працягвае сёння працаваць у медустанове. Ён кажа:
«Наконт вяртання планавай дапамогі — неадназначны момант. З аднаго боку планавая дапамога — гэта не толькі прафагляды ці штосьці не асабліва важнае. Гэта і дапамога анкапацыентам (дзе крытычную ролю адыгрывае своечасовасць аказання) і лекаванне хронікаў, без якога яны хутка пачынаюць патрабаваць экстранай дапамогі.
З другога боку, зараз яно, магчыма, і патрэбна — кінуць усе магчымыя сілы на барацьбу з кавідам. Адказаць, што правільна, можа толькі той, хто мае сапраўдныя лічбы статыстыкі і можа сказаць, які крок можа захаваць больш жыццяў.
Наконт беларускай вакцыны. Пакуль няма вакцыны, няма пра што і казаць. Як будзе вакцына, як будуць апублікаваны даследаванні, тады і можна будзе штосьці абмяркоўваць. Зараз, падаецца, на нешматлікіх ахвотных прышчапіцца хапае расійскай і кітайскай вакцынаў. А што будзе ў 2023, хто ведае?
Пра вяртанне да паводзінаў падчас першай хвалі. Дзеянні ў першую хвалю былі напалову хаатычныя і часткова бессэнсоўныя, бо ніхто нічога не ведаў. Тое, што рабіў Піневіч да гэтай размовы, было больш асэнсавана, бо заснавана ўсё ж на вопыце.
Увогуле, кантралюемай сённяшнюю сітуацыю дакладна не назавеш, усе вельмі дрэнна. Але пакуль на вуліцах трупаў няма, падаецца.
Калі рэзюмаваць, то Піневіч хаця б намагаўся штосьці зрабіць з сітуацыяй і рабіў правільныя крокі. Што будзе зараз — не ведаю».
«З самага пачатку ўсё зрабілі, каб людзі не мелі жадання вакцынавацца»
Яшчэ адзін суразмоўца зусім нядаўна сышоў з беларускай медыцыны.
«У першую хвалю гэты чалавек не прызнаваў гэтай хваробы, таму цяпер часам цяжка зразумець, што ён мае на ўвазе.
Але што тычыцца масачнага рэжыму і штрафаў, то гэта, напэўна, страх, што людзі пачнуць абурацца. Але ж калі Лукашэнка кажа аб праве кожнага распараджацца сваім лёсам, то ў час пандэміі кожны з нас адказвае не толькі за сябе, але і за тых, хто побач. Бо часам мы распаўсюджваем хваробу, самі таго не ведаючы.
Масачны рэжым і так кепска працуе, калі адмяніць санкцыі за яго парушэнне, то мы з каранавіруса ніколі не выйдзем. Пачне працаваць нейкі натуральны адбор і проста памруць усе, хто не быў абаронены, — кажа медык.
— Тое ж тычыцца і вакцынацыі. Адзіны дзейсны метад выратавацца сёння — вакцына. Але ж з самага пачатку ўсё зрабілі, каб людзі не мелі жадання вакцынавацца. Быў вялікі дэфіцыт нармальнай дакладнай інфармацыі пра вакцыны, іх віды, эфекты.
А калі людзі не маюць інфармацыі — яны баяцца і дакладна не хочуць вакцынавацца.
Другі момант — недасяжнасць вакцын, якім людзі давяраюць. Мы ж бачылі вынікі сацыялагічных апытанняў, што большая частка хацела б вакцынавацца тымі ж «Пфайзерам» ці «Мадэрнай». Дык завязіце іх, зрабіце платнымі. Але ж не.
І сёння прыйшлі да таго, што толькі прымусовая вакцынацыя можа выратаваць сітуацыю. Але прымусовая — праз тлумачэнні, праз адукацыю абавязкова ці праз стымуляцыю. Каб не было, як у некаторых краінах, дзе ў кабінетах доктара вакцыну не ўводзяць, а выліваюць, але чалавека запісваюць вакцынаваным.
Пакідаць сітуацыю на саміх людзей — няправільна. У масе сваёй народ не вельмі кампетэнтны ў пытаннях вакцынацыі.
Распрацоўка беларускай вакцыны ўвогуле не вартая справа, на маю думку. Бо ніхто не ведае, якія мутацыі віруса будуць у 2023 годзе. Да таго ж на той момант, а то і хутчэй, ужо будзе вельмі шмат вакцын распрацавана па ўсім свеце. Адпаведна, кошт іх будзе ніжэйшым, таму наша вакцына можа быць проста неканкурэнтназдольнай.
Можа лепш было б грошы на яе выдаткаваць на закупку імпартных вакцын сёння. Бо «Спутнік» — вакцына сапраўды добрая, але палітычныя падаплёкі сапсавалі ёй рэпутацыю.
Што тычыцца планавых аглядаў і аперацый, то вярнуць іх — правільнае рашэнне, калі будуць дакладна раздзяляцца патокі пацыентаў.
Да таго ж хірургічная спецыяльнасць патрабуе пастаяннай працы, каб падтрымліваць мануальны навык. Для хірурга не рабіць аперацыі месяц-два — праблема, пасля навык складана аднавіць.
Таму, можа і варта было б развярнуць кавідныя ложкі — як у іншых краінах — у тых жа лядовых палацах, каб большасць медустаноў пакінуць у чыстай зоне. Але сёння ў нас не хапае кадраў і дактары перагружаныя, таму мне складана ўявіць, хто б там працаваў.
Сёння я працягваю падтрымліваць сувязь з былымі калегамі-медыкамі. І сітуацыя сёння горш, чым была калі-небудзь раней. Бо ў мой час працы з каронай ніколі не было такога як зараз, калі пачынаюць паміраць цяжарныя жанчыны.
Сітуацыя цяжкая, некантраляваная. І я ведаю, што пачынаюцца праблемы з матэрыяльным забеспячэннем. Бо раней адносна ўсяго хапала, а сёння, паведамляюць калегі, пачынаюцца ўжо праблемы з прэпаратамі біялагічнай тэрапіі, якія патрэбныя людзям у цяжкім стане».
Чытайце таксама:
«Дактары сказалі, што я не адна такая». Цяжарная мінчанка захварэла на кавід — і страціла дзіця





