Менавіта такое пакаранне запрасіла для іх пракурорка Алена Ціхановіч. Гэта ўжо трэцяя асуджаная група па «пінскай справе» — агулам за ўдзел у акцыях пратэсту ў Пінску з 9 на 10 жніўня пазбавілі волі 26 чалавек.

У сваім апошнім слове Сцяпан Дрозд быў кароткі:

«Я казаў, што не згодны з тым, што мне выставілі. Ніякіх супрацьпраўных дзеянняў я не здзяйсняў. Я проста не магу зразумець, як дзеці будуць расці без мяне. Чалавека пакараць можна за нейкія імгненні, але гэта пакаранне — яно неабгрунтаванае. Я лічу, што Высокі суд неяк улічыць гэта і вынесе правільны прысуд. Мне больш сказаць няма чаго».

Ілля Бохан жа сказаў больш доўгую прамову, у якой нават зрабіў прапанову рукі і сэрца сваёй дзяўчыне:

«Высокі суд, я прашу Вас аб'ектыўна разабрацца ў гэтай сітуацыі і праявіць міласэрнасць у знак спагады да маіх родных, каханай дзяўчыны, даць мне шанец на выпраўленне. Я глыбока ўсё ўсвядоміў, і мне вельмі сорамна за ўчынак, які я здзейсніў. Калі б можна было вярнуць час назад… Прашу строга не караць мяне, улічыць, што я быў непаўналетні, не абдумваў свае ўчынкі. Раней не судзімы. Я праўда не хацеў прычыніць нікому боль, я не ішоў з думкай кагосьці біць, кідаць палкі.

Я ў чымсьці вінаваты, так. У тым, што кінуў гэтую бутэльку, што спрабаваў зламаць дрэва — і ўсё. Прашу прабачыць мне за гэты ўчынак і паставіцца справядліва. Прашу прабачэння за нейкія нязручнасці, якія прадаставіў, у пракурора і ў вас, Высокі суд.

Я вельмі ўдзячны бацькам, што падтрымліваеце мяне, дапамагаеце, чакаеце мяне. Я вас вельмі моцна люблю. У вас усё будзе добра, я веру, абяцаю, усё выпраўлю. Я разумею, колькі на Вашы плечы ўпала. Я вінаваты перад Вамі, мне вельмі сорамна. Шчасця, здароўя, дабрабыту».

Суддзя Андрэй Грушко перапыняе прамову Бохана:

«Па сутнасці справы ёсць яшчэ нешта? Гэта не спатканне, што вы так маеце размаўляеце».

Пасля гэтага абвінавачаны Бохан звярнуўся да сваёй дзяўчыны:

«Яна, [..] у мяне ёсць ты. Кахаеш мяне? — Так. — І ў любым разе дачакаешся? — Так. — Прабач, што тады накрычаў на цябе. Я цябе вельмі моцна кахаю. Я ўдзячны Богу, што сустрэў цябе. Я хачу зрабіць табе прапанову. Янка, выходзь за мяне замуж. Прабач яшчэ раз за ўсё».

Іллі Бохану дзяржабвінавачанне 5 кастрычніка запрасіла 3 гады 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму, Сцяпану Дразду — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Андрэй Грушко 21 кастрычніка прызначыў менавіта такое пакаранне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0