У Ленінскім РУУСе на мужа і жонку бесперапынна працягваюць складаць пратаколы за перасыл адно аднаму навінаў з тэлеграм-каналаў, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі.

21 кастрычніка справы Сяргея і Анастасіі разглядзела суддзя Таццяна Шоцік. На гэты раз пратакол на Анастасію склалі за перасыл мужу 21 чэрвеня паведамлення з «экстрэмісцкага» канала. Сваю віну дзяўчына прызнала цалкам. Яна растлумачыла, што на той момант яна не ведала, што канал унесены ў спіс «экстрэмісцкіх». Адвакатка звярнула ўвагу суддзі на шматлікія памылкі ў матэрыялах справы, але суддзя на гэта не адрэагавала. Справу Анастасіі суддзя Шоцік разгледзела за 12 хвілін.

На Сяргея пратакол склалі за тое, што 16 чэрвеня ён пераслаў жонцы навіну з іншага канала. Сяргей адзначыў, што судзяць яго за паведамленні, якія знайшлі ў тэлефоне Анастасіі. У матэрыялах справы Крупеніча была копія пастановы суда Партызанскага раёна ад 23 сакавіка, згодна з якой канал прызнаны «экстрэмісцкім». Але адвакатка папрасіла суддзю цалкам прачытаць гэтую пастанову:

«На момант вырабу фотакопіі рашэнне суда Партызанскага раёна Мінска ад 23 сакавіка 2021 года не ўступіла ў законную сілу».

Адвакатка дадала, што калі Сяргея судзяць за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая ўключана ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, то чаму тады ў матэрыялах справы наогул адсутнічае інфармацыя менавіта з Мінінформа, які вядзе гэты спіс. Адвакатка таксама не разумее, чаму і як гэтае фота пастановы суда трапіла ў матэрыялы справы. У выніку суддзя Шоцік зрабіла перапынак у справе, каб запрасіць у Партызанскім судзе копію пастановы аб прызнанні канала экстрэмісцкім. Пасля перапынку да матэрыялаў справы ўжо далучылі копію пастановы. Але, акрамя гэтага, у справе з’явілася і выпіска з Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. Для гэтага суддзя павінна была адправіць справу на дапрацоўку, каб менавіта супрацоўнікі РУУСа дадавалі выпіску да матэрыялаў справы, а не прымаць непасрэдны ўдзел у пошуках доказаў віны Сяргея.

«Што тычыцца вытрымак з Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў, які Высокі суд па ўласнай ініцыятыве запатрабаваў і далучыў да матэрыялаў справы, то гэтыя абставіны таксама нельга прымаць да ўвагі, таму што ў адпаведнасці з прэзумпцыяй невінаватасці абавязак доказу віны асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, ускладаецца на службовую асобу органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, то-бок на прадстаўнікоў РУУС Ленінскага раёна, а не на суд», — пракаментавала на судзе адвакатка Сяргея. 

У выніку суддзя Таццяна Шоцік зноў арыштавала Сяргея і Анастасію на 13 сутак кожнага. Муж і жонка агулам правядуць на Акрэсціна 112 і 111 сутак адпаведна. Нягледзячы на тое, што яны амаль чатыры месяц будуць за кратамі ў нечалавечых умовах, ім прыйдзецца аплаціць велізарныя грошы за харчаванне ў ЦІП. Калі адзін дзень на Акрэсціна каштуе 14 рублёў і 50 капеек, то кожны з іх мусіць выплаціць больш за 1600 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0