EPA

EPA

«У Афганістане цяпер адзін з самых цяжкіх гуманітарных крызісаў у свеце, калі не самы горшы, — сказаў Дэвід Бізлі, выканаўчы дырэктар ВПП. — Справа ідзе да катастрофы».

Радыкальны ісламісцкі рух «Талібан» захапіў уладу ў Афганістане ў жніўні пасля паспешнага вываду з краіны замежных войскаў.

Змена ўлады аслабіла і без таго кволую эканоміку Афганістана, якая і раней моцна залежала ад замежнай дапамогі. Заходнія дзяржавы прыпынілі аказанне дапамогі, а Сусветны банк і Міжнародны валютны фонд часова спынілі фінансаванне. Калі адновіцца — незразумела, паколькі ўрад талібаў афіцыйна не прызнае амаль ніхто ў свеце.

Тая ці іншая краіна лічыцца залежнай ад замежнай дапамогі, калі на долю замежных уліванняў прыпадае 10% ці больш яе ВУП. Па інфармацыі Сусветнага банка, каля 40% ВУП Афганістана складала міжнародная дапамога.

Многія афганцы цяпер прадаюць сваю маёмасць, каб купіць ежу. Адміністрацыя талібаў таксама не мае доступу да замежных актываў, а гэта азначае, што заробак дзяржаўным служачым не выплачваецца. «Апошні раз я атрымаў заробак больш за пяць месяцаў таму, — распавёў Бі-бі-сі настаўнік з Герата. — Жыць цяжка. Я прадаю ўсё, што ёсць у нас дома. Мы прадаём жывёл, сячом нашы дрэвы, каб прадаць іх на дровы».

Праграма ААН не атрымлівае сродкаў

«Людзі тут жабракі, — кажа адзін з жыхароў Кандагара. — Учора я бачыў, як жанчына рылася ў смеццевых баках у мясцовай гасцініцы, збіраючы рэшткі ежы. Я спытаў яе, чаму яна гэта робіць, і яна сказала, што спрабавала знайсці ежу для свайго дзіцяці».

СХП папярэдзіла, што будучая зіма пагражае далейшай ізаляцыяй афганцаў, якія залежаць ад гуманітарнай дапамогі, каб выжыць. Больш за тое, упершыню ў Афганістане гарадскія жыхары пакутуюць ад адсутнасці харчовай бяспекі гэтак жа, як і сельскія абшчыны, паведаміла арганізацыя.

У верасні СХП папярэдзіла, што толькі 5% афганскіх сем'яў штодня маюць дастаткова ежы. Кошт асноўных інгрэдыентаў, такіх як алей і пшаніца, рэзка ўзрос.

У кастрычніку арганізацыя папярэдзіла, што мільён дзяцей рызыкуюць памерці ад вострага недаядання без неадкладнага лячэння.

На вераснёўскай канферэнцыі ў Жэневе міжнародная супольнасць абавязалася вылучыць больш за 1 млрд даляраў на падтрымку афганцаў, пры гэтым каля траціны гэтых сродкаў было абяцана для працы Сусветнай харчовай праграмы.

Але паводле даных ВПП на панядзелак, праграма гуманітарнай дапамогі ААН пакуль атрымала толькі траціну выдзеленых грошай. Арганізацыя заявіла, што для харчовай дапамогі Афганістану можа спатрэбіцца да 220 млн даляраў у месяц, назваўшы бягучыя фінансавыя абавязацельствы «кропляй у моры».

Харчовы крызіс у Афганістане пагаршаецца недахопам вады і моцнай засухай — ужо другой за чатыры гады.

Газета: у Кабуле ад голаду памерлі восем сірот

Як паведамляе афганская газета «Хашт-е-Собх», у адным з раёнаў Кабула ад голаду памерлі восем дзяцей-сірот ва ўзросце ад трох да 11 гадоў. Паводле звестак выдання, усе яны нядаўна страцілі бацькоў і жылі без якой-небудзь апекі.

Лідар мясцовай рэлігійнай абшчыны распавёў журналістам, што жыхары афганскай сталіцы перыядычна давалі дзецям ежу, але ўсе яны памерлі ад недахопу харчавання.

Палітык Махамад Махакік, які прадстаўляе шыітаў-хазарэйцаў, заявіў, што загінулыя дзеці належалі да гэтай супольнасці, таму лідарам талібаў няма да іх справы. Ён адзначыў, што ўсе дзеці жылі ў шыіцкім раёне Кабула.

Прыватны тэлеканал «Арыяна» паведамляе, што талібы вывучаюць паведамленні пра дзяцей, якія памерлі ад голаду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0