ТАСС
За апошнія суткі ў Расіі памерлі 1106 чалавек, заражаных каранавірусам, паведамляе аператыўны штаб па барацьбе з інфекцыяй. Гэта рэкордны паказчык за ўвесь час пандэміі, папярэдні максімум фіксавалі ў мінулую суботу — 1075 смерцяў.
Колькасць смерцяў, звязаных з каранавірусам, перавышае 1 тысячу ўжо восьмы дзень запар.
Больш за ўсё памерлых у Маскве — 86 (напярэдадні было 83), у Пецярбургу памерлі 72 чалавекі, у Краснадарскім краі — 40.
На гэтым тыдні ў Расіі пачынаюць дзейнічаць непрацоўныя дні: з 30 кастрычніка па ўсёй краіне, з 28 кастрычніка — у Маскве. У некаторых рэгіёнах гэты рэжым уступіў у сілу яшчэ ў панядзелак.
У Маскве і Пецярбургу будзе абвешчаны частковы лакдаўн — гэта азначае, што будуць працаваць толькі харчовыя крамы, аптэкі, прышчэпачныя пункты і некаторыя іншыя арганізацыі. Рэстараны, кафэ і бары закрыюць да 7 лістапада.





