МЗС Расіі.
Калі я прачытаў апошні каментар прэс-службы Міністэрства фінансаў Беларусі «Інтэрфаксу», то згадаў верш Алеся Дудара «Пасеклі край наш папалам». У 1928 годзе 24-гадовы паэт пісаў пра тое, як чужынцы гандлявалі нашай краінай:
«А нас тым часам з году ў год
Тут прадаюць ураздроб і оптам».
З таго часу шмат што змянілася. Цяпер нашай Незалежнасцю гандлююць ужо самі беларусы — дзейныя ўлады. У каментары прэс-службы Міністэрства фінансаў мне кінулася ў вочы, як выглядае перамоўны працэс па важных для нацыянальных інтарэсаў пытаннях. Цытую:
«Наконт сцвярджэнняў аб магчымым пераходзе на адзіную валюту хацелася б адзначыць, што базавыя ўмовы паглыблення інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй узгодненыя на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы 10 верасня бягучага года. Адобрана 28 саюзных праграм. Разам з тым экспертамі краін праграмы «дашліфоўваюцца».
У лістападзе гэтага года чакаецца пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, на якім гэтыя праграмы будуць зацверджаны. Пасля гэтага праграмы будуць даступныя для грамадскасці. У іх не змяшчаецца якіх-небудзь умоў аб пераходзе на адзіную валюту ў рамках Саюзнай дзяржавы. Нацыянальны банк Беларусі таксама не лічыць магчымым гэты пераход».
Ключавы для мяне сказ я вылучыў. Такім чынам, па словах беларускіх чыноўнікаў, пытанні незалежнасці, у тым ліку далейшай паглыбленай інтэграцыі, вырашаюцца за спінамі людзей.
Толькі калі ўсё будзе дамоўлена і падпісана, нам з вамі патлумачаць, аб чым дамовіліся.
Магу нават дапусціць, што ў гэтых 28 саюзных праграмах больш пустых абяцанняў, чым сапраўдных механізмаў і тэрмінаў інтэграцыі. Інакш, чаму б Расія пагадзілася заплаціць за іх такую невысокую цану? Усяго 640 млн даляраў у форме крэдыту, які будзе выдзелены да канца 2022 года.
Нягуста, калі мець на ўвазе, што беларускаму боку трэба плаціць Расіі штогод большую суму за абслугоўванне і пагашэнне існых расійскіх крэдытаў.
Вядома, не ўпершыню ўлады праводзяць такую палітыку, калі стратэгічна важныя рашэнні прымаюцца без абмеркавання з грамадствам. Так было ў выпадку прыняцця рашэння аб пабудове АЭС у Астраўцы.
Ніхто не запытаўся беларусаў пра іх меркаванне, не было экспертных дыскусій, ці беларуская энергетычная сістэма патрабуе такіх новых магутнасцяў. Не было перамоў з краінамі-суседзямі як патэнцыйнымі пакупнікамі беларускай электраэнергіі. Спробы грамадскага абмеркавання жорстка спыняліся штрафамі, арыштамі і высылкамі крытыкаў з краіны.
У выніку за 6 млрд даляраў крэдыту ад Расіі Беларусь пабудавала два блокі, якія дагэтуль не могуць увесці ў нармальны рытм працы і энергію з якіх ніхто з нашых суседзяў не збіраецца набываць. Што яшчэ горш, кошты на электрычнасць для грамадзян павысяцца, бо трэба пагашаць крэдыты. Ці такі «белы слон» камусьці патрэбны?
Падобны спосаб вядзення грамадскага абмеркавання і перамоў быў і ў выпадку ўступлення Беларусі ў Мытны саюз у 2010-м, у Еўразійскую эканамічную прастору ў 2012-м, у Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) у 2015-м.
Пры гэтым за чарговы этап інтэграцыі ўлады заўсёды атрымліваюць нейкія бонусы. Напрыклад, за ўступленне Беларусі ў ЕАЭС выгандлявалі, каб штогод 1,5 млрд даляраў экспартных пошлін на нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай нафты, заставаліся ў беларускім бюджэце замест таго, каб трапляць у расійскі.
А рэальна ў выніку падзення коштаў нафты ў свеце. А таму і падзення пошлін у беларускі бюджэт штогод трапляла яшчэ меней — ад 0,5 млрд да 1,3 млрд даляраў у 2015-2018 гадах. Такім чынам, продаж часткі незалежнасці Беларусі мае канкрэтную цану.
Сёння ключавая змена палітычнага кантэксту ў тым, што ўлады ў Беларусі больш не маюць легітымнасці ні ўнутранай, ні міжнароднай. Таму яны не могуць сцвярджаць, што ў іх ёсць мандат ад беларусаў на кіраванне краінай і прыняцце падобных рашэнняў са стратэгічнымі наступствамі. Гэта павінны разумець усе — у Беларусі, у Расіі, сярод міжнароднай супольнасці.
Толькі пасля правядзення новых дэмакратычных выбараў і на аснове волевыяўлення беларускага народа можна будзе прымаць рашэнні аб эканамічнай палітыцы Беларусі. Тады такое рашэнне будзе не толькі легальным, але і трывалым, устойлівым.
Прывяду прыклад, як у свой час Польшча далучылася да Еўрапейскага звяза. Падчас шматгадовага перамоўнага працэсу паміж Польшчай і ЕЗ, у Польшчы ішлі публічныя дэбаты ва ўніверсітэтах, СМІ і ў парламенце наконт таго, ці палякам выгадная інтэграцыя. Рыхтаваліся навуковыя аналізы з боку дзяржаўных органаў і незалежных даследчых цэнтраў, аналізаваўся досвед іншых краін, хто ўжо ўступіў у ЕЗ.
У польскім Нацбанку, Мінфіне і іншых дзяржаўных і недзяржаўных установах рабіліся складаныя тэарэтычныя мадэлі, каб спрабаваць колькасна падлічыць эфект ад інтэграцыі. Некаторыя партыі былі за, іншыя — супраць. Некаторыя эканамісты былі за, іншыя — супраць. Кожны мог адкрыта выказацца. Важна было таксама зразумець, як найлепей падрыхтавацца да інтэграцыі, каб вынікі былі як мага лепшымі.
У выніку ў 2003 годзе, прыкладна за год перад магчымым далучэннем да ЕЗ, у Польшчы быў праведзены рэферэндум. 77% палякаў выказалася за ўступленне ў Еўразвяз. Толькі дзякуючы гэтаму польскія ўлады маглі працягваць перамовы і ў далейшым ратыфікаваць інтэграцыйныя дакументы, каб у 2004 годзе Польшча стала паўнапраўным чальцом ЕЗ.
На гэтым фоне вы самі можаце ацаніць дзеянні ўладаў у Беларусі ў пытанні інтэграцыі. Сутнасць «саюзных праграм» наўмысна хаваецца ад людзей да часу іх ратыфікацыі. Дзяржаўныя органы не ініцыіруюць публічнай дыскусіі і не паказваюць грамадству ацэнак ад дзеяння гэтых праграм, а беларусаў ніхто не пытаецца пра іх меркаванне.
Усё праводзіцца ціха і схавана, быццам наша Незалежнасць з’яўляецца прыватнай уласнасцю ўладаў і быццам яны маюць права ёй распараджацца.
Не! Не маюць. Нагадаю словы Кастуся Каліноўскага: «Не народ для ўрада, а ўрад для народа».





