Што такое пульсаксіметр і як ён працуе?

Пульсаксіметр — гэта кампактны прыбор, звычайна выглядае як невялікая «прышчэпка» з дысплэем, якая чапляецца на палец.

Гэтая «прышчэпка» вымярае сатурацыю. Сатурацыя — узровень насычэння крыві кіслародам.

Пульсаксіметр ацэньвае колер крыві. Насычаная кіслародам кроў павінна быць пунсовай, а ненасычаная (вянозная) кроў — цёмнай. У залежнасці ад колькасці кіслароду ў крыві інтэнсіўнасць яе афарбоўкі мяняецца.

Пульсаксіметр фіксуе гэтыя змены: з аднаго боку ў яго дыёд, з іншага — датчык. Падчас вымярэння працуе дыёд, які прасвечвае ваш палец святлом, частку святла паглынае кроў, насычаная гемаглабінам. Датчык з іншага боку пальца фіксуе, колькі святла да яго дайшло, а затым выдае долю насычанага кіслародам гемаглабіну адносна ўсяго гемаглабіну, у тым ліку ненасычанага. Гэта і ёсць паказчык сатурацыі.

Якая сатурацыя нармальная?

Для дарослага здаровага чалавека нормай будзе 95-98%. 99% — у вельмі трэніраваных людзей, якія маюць шмат гемаглабіну ў крыві. Стопрацэнтнага паказчыка не можа быць, як звяртае ўвагу Вольга Садоўская, калі прыбор паказвае 100%, значыць ён мае хібнасць.

Вольга Садоўская. Фота: уласны архіў

Вольга Садоўская. Фота: уласны архіў

«Сатурацыя можа быць ніжэйшай у пажылых людзей, гэта натуральны фізіялагічны працэс. У іх сатурацыя можа складаць 94-97%. Таксама пастаянна зніжаны паказчык можа быць у людзей з хранічнымі хваробамі ці хваробамі лёгкіх, — тлумачыць Садоўская. — Кожнаму пажадана ведаць свой нармальны ўзровень сатурацыі ў здаровым стане. Гэта можна паспрабаваць праверыць у медустанове з дапамогай добрага праверанага пульсаксіметра ці набыць пульсаксіметр і самому правесці вымярэнні яшчэ да таго, як пачаліся праблемы».

Калі і як часта трэба вымяраць узровень кіслароду ў крыві?

«Звярну ўвагу: вымярэнне сатурацыі — гэта не дыягнастычны тэст на кавід! — падкрэслівае доктар. — Сатурацыя не пакажа, ці хварэе чалавек або не. Ды і большасць хворых на кавід маюць нармальную сатурацыю, таксама сатурацыя можа падаць па іншых прычынах, гэта не паказчык выключна кавід-інфекцыі.

Калі вы курыльшчык, маеце бранхіяльную астму ці сардэчную недастатковасць, то сатурацыя можа быць зніжанай. Таксама могуць быць парушэнні перыферычнага кровазабеспячэння, калі пальцы рук і ног кепска забяспечваюцца крывёю. У такім разе яна таксама будзе зніжанай. У такіх выпадках сатурацыя будзе невысокая, але пастаянная. 

Калі ж вы дакладна ведаеце, што падхапілі «карону», ці з вялікай верагоднасцю падазраяце, што заразіліся, то вымярэнне сатурацыі неабходнае, каб зразумець, наколькі цяжка вы хварэеце.

Калі няма сімптомаў, то можна вымяраць сатурацыю раз на дзень, проста каб пераканацца, што лёгкія не пашкоджаныя.

Калі сімптомы ў вас ёсць і стан пагаршаецца, то вымярэнні трэба праводзіць 3-4 разы на дзень. Для пацыентаў у цяжкім стане вымяраюць сатурацыю ўвогуле кожныя 4 гадзіны.

Калі сатурацыя зніжаецца да 93-94% ці нават менш, часам чалавек будзе і сам адчуваць сімптомы: недахоп кіслароду, задышка. Але пажылыя людзі менш адчувальныя да гіпаксіі і могуць не заўважыць такіх сімптомаў. Таму хвораму на кавід пажылому чалавеку лепш маніторыць сатурацыю 2-3 разы на дзень, нават калі ён добра сябе адчувае».

Пры якіх лічбах трэба хвалявацца?

Калі сатурацыя 94 ці меншая — трывожны званочак, гэта паказанні для шпіталізацыі і кіслароднай падтрымкі, кажа Вольга Садоўская. Нават калі ваша норма сатурацыі 95-96%, то зніжэнне да 93% і менш будзе вельмі кепскім паказчыкам. 

Каму патрэбны пульсаксіметр?

«Сёння такі прыбор мусіць быць у кожным доме, разам з электронным тэрмометрам і танометрам. Цяпер хварэюць цяжка і маладыя людзі, таму ад пагаршэння сатурацыі не застрахаваны ніхто», — кажа Вольга Садоўская. 

Пульсаметр і пульсаксіметр — розныя рэчы! Не пераблытайце!

Гэтыя два прыборы часам нават прадаюцца ў адных «аддзелах» інтэрнэт-крам. Але пульсаметр вымярае толькі пульс — частату сардэчных скарачэнняў. 

Пульсаксіметр жа таксама вымярае пульс, але галоўная яго функцыя — вымярэнне насычэння крыві кіслародам. 

Як выбраць пульсаксіметр? І за якія грошы?

Цяпер пульсаксіметраў у продажы шмат. Каштуюць ад 30 рублёў і да 300-400. На «Аліэкспрэсе» кітайцы прапануюць пульсаксіметры зусім танна, некаторыя каштуюць менш за адзін даляр. Цікава, што гэтыя супертанныя мадэлі падазрона падобныя да тых, што ў Беларусі каштуюць амаль 70 рублёў.

«Я б не рэкамендавала браць зусім ужо танны прыбор, — кажа Вольга Садоўская. — Яны, можа, адносна нармальныя і сваю функцыю выканаюць, але, хутчэй за ўсё, праверку такія прыборы не праходзяць. Таму дакладнасць вымярэнняў можа быць неадэкватнай, з вялікай хібнасцю, ці проста кепская зборка.

Але не рэкамендую набываць і супердарагія пульсаксіметры, бо яно таго не вартае. Так, дарагі пульсаксіметр будзе з лепшых матэрыялаў, з большай колькасцю функцый, але з вымярэннем пульсу і сатурацыі цалкам справіцца сярэдні па коштах прыбор.

Адзначу, што паўтара года таму ў Беларусі пульсаксіметраў амаль не было ці яны былі вельмі дарагія. Мы, медыкі, заказвалі пульсаксіметры з таго ж «Аліэкспрэса» чыста для сябе і для працы, бо клінікі не забяспечвалі тады яшчэ імі. І мы бралі нейкія простыя прыборы, за 5-10 даляраў, дык паказчыкі былі даволі адэкватнымі і тыя пульсаксіметры працуюць і па сёння, наколькі я ведаю».

На што звяртаць увагу? 

«Лепш, каб пульсаксіметр меў рэгуліроўку, то-бок падыходзіў для розных пальцаў, меў яркі дысплэй, з вялікімі лічбамі, каб спрацоўваў хутка, за 10-20 секунд, і каб аўтаматычна ўключалася вымярэнне: адзеў на палец — і прыбор запрацаваў», — рэкамендуе Вольга Садоўская.

Некаторыя пульсаксіметры не маюць функцыі памяці. На гэта таксама трэба звярнуць увагу, каб пасля не забыцца запісаць вынікі вымярэння самому.

Ці можна набываць былы ў карыстанні прыбор?

Пульсаксіметр — не прыбор індывідуальнага выкарыстання, кшталту слыхавога апарата. Таму тэарэтычна можна, але трэба праверыць якасць, праверыць, што прыбор працуе, маюцца дакументы.

Таксама лепш пераканацца, што прыбор прадэзынфікаваны ці правесці дэзынфекцыю самому: апрацаваць антысептыкам і пакінуць на суткі проста ў памяшканні перад выкарыстаннем, як рэкамендуе Вольга Садоўская.

Як правільна карыстацца пульсаксіметрам?

«Трэба спачатку адпачыць. Калі нават падымаліся па лесвіцы, лепш пасядзець спакойна хвілін 10-15 перад вымярэннямі, — гаворыць Садоўская. — Карыстацца пульсаксіметрам трэба, калі чалавек у спакойным стане.

Пальцы рук мусяць быць абавязкова цёплымі, бо на халодных можа быць недакладны паказчык, таму сагрэйце рукі.

Пажадана за 2 гадзіны да выкарыстання пульсаксіметра не курыць і не піць моцную гарбату ці каву.

У памяшканні не павінна быць вельмі яркага святла, бо гэта таксама можа паўплываць на датчыкі.

На пазногцях не павінна быць лаку ці іншага пакрыцця, гэта запавольвае пранікненне інфрачырвоных прамянёў. Калі манікюр цёмны, то вымярэнне ўвогуле будзе зусім неадэкватным.

Рука, на якой пульсаксіметр, мусіць ляжаць спакойна, не варушыце ёю. Правядзіце некалькі вымярэнняў. Лічба, якая стабільна паўтараецца, гэта і будзе ваш узровень сатурацыі.

Таксама пажадана пастаянна праводзіць вымярэнні на адной і той жа руцэ і на адным і тым жа пальцы».

Калі чалавек па нейкіх прычынах не можа правесці вымярэнні на пальцах рукі, то пульсаксіметр можа замерваць сатурацыю на пальцы нагі ці нават на мочцы вуха!

«Сапраўды, можна на пальцах нагі, але там у пажылых кровазабеспячэнне нярэдка горшае, таму паказчык можа быць меншым, — звяртае ўвагу Вольга Садоўская. — Што тычыцца мочкі вуха, то так, кровазабеспячэнне там прыкладна такое ж, як і ў пальцах рукі, але на мочку можа быць чыста тэхнічна праблематычна замацаваць прыбор».

Эпл вотч і іншыя разумныя гадзіннікі цяпер вымяраюць сатурацыю. Яны падыходзяць?

«Калі нічога іншага ніяк нельга купіць, то з іх дапамогай таксама можна вымяраць. Але дакладнасць будзе адрознівацца, бо трохі іншы прынцып працы. У пульсаксіметры два датчыкі з двух бакоў пальца, адзін датчык выпраменьвае, другі прымае прамяні.

На гадзінніках мы маем адлюстраванне ад сасудаў скуры, тым больш гэта скура на запясці, дзе сатурацыя не такая, як у пальцах, таму хібнасць ці памылкі больш верагодныя, — кажа Вольга Садоўская. — Разумны гадзіннік і пульсаксіметр рэчы не ўзаемазамяняльныя. Асабліва калі вы хочаце купіць пажылой маме разумны гадзіннік, то купіце лепш замест яго ці ў камплекце з ім яшчэ і пульсаксіметр. Гэта лепшае ўкладанне грошай».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1